Нямецкі эксперт: наўрад ці ў бліжэйшы час Бэнэдыкт ХVI наведае Беларусь
Прафесар Ёганэс Элдэман,
нямецкі тэолаг і эксперт па Усходніх Цэрквах лічыць, што сустрэча Бэнэдыкта ХVI і
Патрыярха Маскоўскага Кірыла ў бліжэйшы час немагчыма. У інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву
“KNA” навуковец звярнуў увагу на тое, што міжнародная праваслаўна-каталіцкая камісія
па тэалагічным дыялогу на дадзены момант стаіць перад “цяжкім выклікам дамовіцца аб
будучыні і форме самаго дыялогу”.
На думку Элдэмана перад Маскоўскім Патрыярхатам
стаіць “шмат невырашаных праблем унутры самага праваслаўя, глыбокія расколы ўнутры
Праваслаўнай Царквы на Украіне і юрыдычныя спрэчкі з іншымі Цэрквамі, асабліва з Канстантынопальскім
Патрыярхатам”.
Важнай з’яўляецца таксама роля і месца Украінскай Грэка-Каталіцкай
Царквы. Паводле нямецкага эксперта тут з’явіліся спрыяльныя ўмовы для распачацця дыялога.
Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца гатоўнасць Мітрапаліта Іларыёна, старшыні Аддзела
знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата, сустрэцца з Вярхоўным Архіепіскапам
Кіева-Галіцкім Святаславам Шаўчуком.
Нямецкі эксперт адзначыў, што наўрад ці
ў бліжэйшы час Бэнэдыкт ХVI наведае Беларусь па прычыне напружанай палітычнай сітуацыі.
Хоць запрашэнне, накіраванае Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, падтрымаў
праваслаўны Мітрапаліт Філарэт. На думку тэолага, адносіны паміж гэтымі двума веравызнаннямі
ў Беларусі “вельмі пазітыўныя”.
Прафесар Элдэман быў адным з удзельнікаў міжнароднай
канферэнцыі на тэму каталіцка-праваслаўнага дыялога, якая закончылася 15 лістапада
ў Мінску.