2011-11-16 11:00:11

Ліван: Патрыярх Бeшара Бутрас Раі сустрэўся з Патрыярхам Кірылам


RealAudioMP3 15 лістапада Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл сустрэўся ў Бейруце з каталіцка-мараніцскім Патрыярхам Бeшарой Бутрасам Раі. У сустрэчы таксама ўдзельнічалі члены Рады каталіцкіх патрыярхаў Усходу, якая праходзіць у гэтыя дні ў рэзідэнцыі кіраўніка Мараніцскай Царквы ў Бкерке.

Патрыярх Бeшара Бутрас Раі выказаў занепакоенасць тым, што падзеі, якія адбываюцца ў шэрагу краін рэгіёну, могуць прывесці да дэстабілізацыі ўсяго Блізкага Усходу. Гэта пагражае сумеснаму існаванню розных рэлігій і канфесій на гэтай зямлі і можа справакаваць новыя акты агрэсіі з боку экстрэмістаў, якія выступаюць пад рэлігійнымі лозунгамі.

Патрыярх Маскоўскі згадаў пра складаныя тэалагічныя пытанні, якія ў цяперашні час з’яўляюцца прадметам праваслаўна-каталіцкага дыялогу. Аднак, ён выказаў перакананне, што тэалагічны дыялог не з’яўляецца адзінай праявай супрацоўніцтва праваслаўных і католікаў, трэба разам працаваць у справе захавання хрысціянскіх каштоўнасцяў у сучасным свеце: Асабліва вострай у цяперашні час стала праблема хрысціянафобіі, і для супрацьстаяння гэтай небяспечнай з’яве, якая існуе не толькі на Усходзе, але і на Захадзе, патрэбны агульныя намаганні хрысціян розных канфесій, упэўнены Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі.

Удзельнікі сустрэчы таксама закранулі тэму палесціна-ізраільскіх адносін і падкрэслілі агульнасць пазіцый па гэтым пытанні: рэзалюцыя Савета Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ад 1948 г. павінна быць выканана і на тэрыторыі Палестыны павінны існаваць у міры і бяспецы дзве дзяржавы.







All the contents on this site are copyrighted ©.