2011-11-16 14:31:14

Бэнэдыкт XVI: У канцы гісторыі пераможа Хрыстус, любоў і дабро


RealAudioMP3 Сваю сённяшнюю катэхезу, прамоўленую падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра, Бэнэдыкт XVI прысвяціў 110 (109) псальму, вядомаму як “валадарскі”. Папа адзначыў, што гэта малітва магчыма першапачаткова была звязана з інаўгурацыяй уладара, але з часам стала святкаваннем Місіі пераможцы, праслаўленага праваруч Бога”.

Псальм пачынаецца словамі, якія ўказваюць на ўдзел валадара ў хвале Бога, Які дапамагае перамагчы ворагаў і робіць яго сведкам сваёй Боскай моцы. “Езус таксама ўзгадвае аб гэтых словах, каб паказаць што Месія большы за Давіда, што ён з’яўляецца Панам Давіда”, - нагадаў Пантыфік. Святы Айцец, аднак, адзначыў, што паміж уладаром, аб якім кажа псальм, і Богам, існуе непарыўная сувязь; яны кіруюць сумесна. Пантыфік падкрэсліў, што такім чынам, Бог чыніць з уладара свайго пасярэдніка святасці і збаўлення

“Ажыцяўленне ўлады з’яўляецца абавязкам, які ўладар атрымлівае ад Бога; адказнасцю, якую неабходна выконваць у залежнасці і пакоры, пераўтвараючыся такім чынам у знак, магутнай і прадбачлівай прысутнасці Пана пасярод усяго народа. Панаванне над ворагамі, хвала і перамога з’яўляюцца атрыманымі дарамі, якія робяць з уладара пасярэдніка Боскага трыўмфу над злом; Бог пануе над ворагамі змяняючы іх, перамагаючы іх сваёй любоўю”.

Іншым аспектам, на які звярнуў увагу Бэнэдыкт XVI з’яўляецца святарскае вымярэнне зямнога ўладара, на што ўказваюць словы псальма: “Ты святар навекі на ўзор Мельхізэдэка”. “Уладар, аб якім кажа псальм будзе святаром навекі, пасярэднікам Боскай прысутнасці у народзе, праз благаслаўленне, якое паходзіць ад Бога і ў літургічных дзеяннях сустракаецца з благаслаўлёным адказам чалавека”, - сказаў Папа. Пантыфік нагадаў, што сапраўдным святаром з’яўляецца Езус, які ўпоўні ўдасканальвае рысы святарства Мельхізэдэка.

Акрамя таго, Святы Айцец адзначыў, што ў псальме Бог таксама прадстаўлены як абаронца ўладара. “Так пачынаюцца апошнія радкі псальма, у якіх апісваецца вобраз трыўмфуючага караля, падтрыманага Богам, і ад якога ён атрымлівае ўладу і хвалу. Уладар, абаронены Панам, знішчае ўсе перашкоды і ідзе насустрач перамозе”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

“Кажуць, што ў свеце ёсць шмат зла, існуе пастаянная барацьба паміж дабром і злом і здаецца, што зло мацнейшае. Не! Больш моцны Пан, наш сапраўдны валадар і святар. Хрыстус перамагае сілай Бога і негледзячы на ўсё тое, што выклікае сумневы аб пазітыўным заканчэнні гісторыі, пераможа мінавіта Ён, дабро, любоў, але не нянавісць”.

Святы Айцец адзначыў, што традыцыя Касцёла бачыць у гэтым псальме адзін з самых значных месіянскіх тэкстаў. “Уладар, аб якім кажа псальміст, гэта Хрыстус, Месія, які ўстановіць Божае Валадарства і пераможа сілы гэтага свету”, - сказаў Папа.

“Пасха Хрыста, становіцца, такім чынам, рэальнасцю на якую нас запрашае глядзець псальміст; глядзець на Хрыста, каб зразумець сапраўдны сэнс ўладарання і жыцця служачы і прыносячы самаго сябе ў дар, праз шлях пакоры і любові “да канца”.

Бэнэдыкт XVI заклікаў молячыся гэтым псальмам, прасіць у Бога весці нас па сваім шляху, дапамагаць наследаваць Хрыста, валадара і Месію, быць гатовымі ўзыйсці на вяршыню крыжа, каб разам з ім дасягнуць хвалы, сузіраць яго, уладара і пераможцу, а таксама міласэрнага святара, які дае прабачэнне і збаўленне усім людзям. Папа, адзначыў, што на працягу апошніх катэхез ён пазнаёміў вернікаў з некаторымі псальмамі, якія з’яўляюцца каштоўнымі творамі малітвы, што нам дае Біблія, і якія тычацца розных сітуацый нашага жыцця і стану душы. “Нашы адносіны з Богам не могуць не ўзбагачацца штодзённым радасным і поўным даверу шляхам да Яго”, - адзначыў Пантыфік.

Пасля катэхезы Бэнэдыкт XVI на розных мовах прывітаў пілігрымаў прысутных на плошчы св. Пятра. Звяртаючыся да моладзі, хворых і тых, хто нядаўна праняў сакрамэнт сужэнства, Папа заклікаў іх заўсёды заставацца вернымі Богу і браць прыклад са святых, якіх Касцёл успамінаў учора і сёння, а менавіта св. Альберта Вялікага, св. Маргарыты Шатландскай і св. Гертруды.








All the contents on this site are copyrighted ©.