2011-11-16 12:20:38

Апостальская Пенітэнцыярыя адкрывае свае архівы


RealAudioMP3 18 лістапада ў Палацы Канцэлярыі ў Рыме адбудзецца ўрачыстаць адкрыцця архіва Апостальскай Пенітэнцыярыі. Для навукоўцаў стануць даступнымі 745 рэгістрацыйных кніг у скураных пераплётах перыяду з 1409 па 1890 гады, больш за тысячу пакетаў лацінскіх тэкстаў, змешчаных у 413 скрынях, а таксама іншыя дакументы.

Як патлумачыў напярэдадні біскуп Джанфранко Джыроцці, рэгент Пенітэнцыярыі, адкрываецца таксама доступ да дакументаў, якія захоўваліся з 1974 г. ў Апостальскім Палацы. Не толькі тэолагі, але і ўсе вучоныя змогуць глыбей вывучаць гісторыю Касцёла, кананічнае права, маральную тэалогію і сакрамэнтальную практыку. Старажытныя дакументы даюць шырокую панараму сацыяльнага, прававога і эканамічнага жыцця падчас надзвычай важнага для Еўропы перыяду.

Інаўгурацыя і прымеркаваная да падзеі навуковая канферэнцыя пройдуць пад кіраўніцтвам кардынала Рафаэля Фарыны, Архіварыўса і Бібліятэкара Святога Рымскага Касцёла. У яе арганізацыі, акрамя Апостальскай Сталіцы, прынялі ўдзел: Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт і рымскі універсітэт “La Sapienza” разам з італьянскай Асацыяцыяй выкладчыкаў гісторыі Касцёла.

Як адзначыў біскуп Джыроцці, стане больш яскравым пазітыўны ўплыў дзейнасці самай старажытнай дыкастэрыі Святога Пасаду напрацягу многіх стагоддзяў на жыццё грамадстваў. Дастаткова нагадаць, што перад тым як стаць папамі, Клімент IV, Інакенцій V, Інакенцій VI , Юлій ІІ, Клемент VIII і Пій VIII, былі Вялікімі Пенітэнцыярыямі.







All the contents on this site are copyrighted ©.