2011-11-15 12:45:46

Насычанае падарожжа Папы ў Бенін. Прэзентацыя праграмы візіту


RealAudioMP3 Кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыко Ламбардзі прэзентаваў журналістам праграму візіту Святога Айца ў Бенін. Гэта будзе другое падарожжа Бэнэдыкта XVI у Афрыку. Ён адзначыў, што Касцёлу ў Беніне, да якога належыць адна трэцяя насельніцтва краіны, ўсяго 150 гадоў. Па словах кс. Ламбардзі, кульмінацыйным момантам візіту стане св. Імша ў нядзелю 20 лістапада на “Стадыёне сяброўства” у Катану. Пасля яе Святы Айцец урачыста перадасць прадстаўнікам біскупскіх канферэнцый усіх афрыканскіх краін Апостальскую паслясінадальную адгартацыю, якая з’яўляецца вынікам прац ІІ Сіноду для Афрыкі ў 2009 годзе.

Пантыфік прыбудзе ў сталіцу Беніна ў пятніцу 18 лістапада раніцай і адразу скіруецца ў катэдру Найсвяцейшай Панны Марыі, каб сустрэцца з вернікамі. У суботу, 19 лістапада, праграмай прадугледжана сустрэча з Прэзідэнтам Рэспублікі і прадстаўнікамі ўлады. Сустрэча пройдзе пры ўдзеле кіраўнікоў найбольш важных мясцовых рэлігій. Як падкрэсліў падчас прэзентацыі кс. Ламбардзі, чакаецца, што прамова Папы будзе датычыць міжнароднай сітуацыі ў рэгіёне.

Затым Святы Айцец накіруецца ў Уідах, 45 км ад Катану, дзе пахаваны кардынал Бернардын Ганцін – “айцец нацыі”, як яго называюць суайчыннікі. Тут Бэнэдыкт XVI сустрэнецца ў мясцовай семінарыі з кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі. Пасля гэтага накіруецца ў базыліку Беззаганнага Зачацця, дзе падпіша 4 экзэмпляры паслясінадальнай адгартацыі на французскай, англійскай, партугальскай і італьянскай мовах. Вечарам таго ж дня Святы Айцец сустрэнецца ў парафіі св. Рыты з хворымі дзецьмі, якія праходзяць лячэння ў цэнтры Місіянераў міласэрднасці “Мір і радасць”.

У нядзелю, 20 лістапада, ва Урачыстасць Езуса Хрыста Валадара Сусвету, адбудзецца заключная св. Імша і ўручэнне Апостальскай адгартацыі. Гэта стане апошняй часткай візіту Бэнэдыкта XVI у Бенін.

Вяртанне Святога Айца ў Ватыкан, па словах кіраўніка Залі Друку Апостальскай Сталіцы, запланавана на 22.00 паводле рымскага часу.








All the contents on this site are copyrighted ©.