2011-11-15 11:44:15

Куба: Касцёл дзякуе за магчымы візіт Папы


RealAudioMP3 Кардынал Хаймэ Артэга арцыбіскуп Гаваны выказаў падзяку Бэнэдыкту XVI за разгляд магчымасці яго візіту ў краіну вясной 2012 г. Іерарх заявіў 11 лістапада, што падарожжа на Кубу з’яўляецца для Папы “прыярытэтным”, і дадаў: “Тое, што ён выбраў нас мае вялікае значэнне”.

Кардынал узгадаў візіт папы Яна Паўла II на востраў у 1998 г. і адзначыў, што ён аказаў глыбокае ўздзеянне “як на гісторыю Касцёла на Кубе, так і краіны ўцэлым”.

Паводле слоў іерарха, прычыны магчымага падарожжа звязаны з паляпшэннем адносін з камуністычным урадам, якому праклала пачатак у 2010 г. масавая нацыянальная пілігрымка ў санктуарый Маці Божай Міласэрнасці, першая ад моманту прыходу Фідэля Кастра да ўлады ў 1959 г.

“Давайце паглядзім на карту Лацінскай Амерыкі. Папа не быў у многіх краінах. - сказаў кардынал Артэга - Але ён сказаў: “Я хачу ўзмоцніць кубінскі народ, асабліва ў наступным годзе, калі будзе адзначацца 400-годдзе прысутнасці Маці Божай Міласэрнасці на Кубе”, - працытаваў Папу іерарх.

Канферэнцыя Біскупаў вострава выступіла з заявай, у якой павітала “з вялікай радасцю і надзеяй навіну аб візіце”. “Мы атрымалі гэту радасную вестку як дар Маці Божай Міласэрнасці, Маці ўсіх кубінцаў, якую Святы Айцец будзе ўшаноўваць як пілігрым разам з усімі намі ў юбілейны год”, - напісалі біскупы.

Візіт папы Бэнэдыкта XVI будзе супадаць з 400-годдзем адшукання абраза Маці Божай Міласэрнасці ў водах кубінскага ўзбярэжжа. Ён быў каранаваны Янам Паўлам II падчас візіту на востаў у 1998 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.