2011-11-15 13:52:44

Беларусь: Пінская вуліца названа ў гонар кардынала Свёнтка


RealAudioMP3 У гонар кардынала Казіміра Свёнтка ў Пінску перайменавалі вуліцу. Цяпер частка былой вуліцы Веры Харужай носіць імя аднаго з самых вядомых каталіцкіх іерархаў Беларусі. Яна прылягае да Пінскай духоўнай семінарыі (яе скончыў кардынал у 1939 г.) і катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (у 1954 г. пасля 10 гадоў ГУЛАГА кс. Свёнтэк стаў яе пробашчам).

Дзякуючы намаганням кардынала ў 1991 г. і пачалося аднаўленне ўсяго комплекса будынкаў былога кляштара францішканаў, зноў адчыніла свае дзверы семінарыя. Вялікая частка жыцця памерлага іерарха звязана с Пінскам – вучоба, святарскае пасвячэнне, доўгія гады служэння, пасада Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі, тут ён атрымаў навіну аб далучэнні да калегіі кардыналаў. Тут Казімір Свёнтэк і адышоў у вечнасць ва ўзросце 96 гадоў. Здарылася гэта 21 ліпеня 2011 г., і адразу жыхары Пінска задумалі ўшанаваць і ўвекавечыць памяць памерлага іерарха.

Ініцыятыву грамадскасці падтрымалі гарадскія ўлады, а дэпутаты гарсавета зацвердзілі гэта рашэнне. Цяпер на дамах вуліцы Казіміра Свёнтка размешчаны і адпаведныя шыльды з новай назвай. Яны доўга будуць нагадваць турыстам і жыхарам Пінска аб чалавеке, які непарыўна звязаўшы сябе з Каталіцкім Касцёлам, увайшоў у гісторыю краіны. Ён сам быў цэлай гісторыяй.







All the contents on this site are copyrighted ©.