2011-11-15 13:08:06

Арцыбіскуп Тамазі ў ААН: забараніць касетныя бомбы


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Сільвано Тамазі, пастаянны назіральнік Апостальcкай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях прыняў удзел у IV Канферэнцыі аб пераглядзе Канвенцыі аб забароне і абмежаванні выкарыстання некаторых відаў зброі, якія могуць лічыцца асабліва шкоднымі ці мець некантраляванае дзеянне.

Іерарх адзначыў, што на працягу 30 гадоў пасля падпісання гэтага дакумента “у сферы гуманітарнага права былі зроблены вялікія дасягненні” і таму важна “захаваць імпульс і зрабіць дзейнасць у гэтым накірунку больш прадуктыўнай у наступныя гады”. Адначасова, арцыбіскуп Тамазі выказаў шкадаванне, што яшчэ не дасягнута паразуменне паміж членамі ААН у пытанні, якое тычыцца ўжывання відаў зброі, якія разам з супрацьпяхотнымі мінамі з’яўляюцца вельмі небяспечнымі для мірнага грамадзянскага насельніцтва.

Ватыканскі дыпламат нагадаў, што Апостальская Сталіца, вельмі зацікаўлена ў тым, каб нарэшце ўсе члены ААН, асабліва найбуйнейшыя дзяржавы свету, падпісалі канвенцыю аб забароне касетных бомб. “З мэтай дасягнення згоды па гэтаму пытанню Святы Пасад разам з пяццю іншымі партнёрамі прадставіў дакумент, які заклікае да правядзення перамоў і прыняцця новага пратакола”, - заявіў арцыбіскуп.

Іерарх адзначыў, што сёння ў свеце застаецца шмат месцаў, дзе касетныя бомбы шырока выкарыстоўваюцца, што вядзе да шматлікіх ахвяр сярод мірнага насельніцтва, хоць яго абарона з’яўляецца адным з абавязкаў дзяржаў згодна з нормамі міжнароднага гуманітарнага права.







All the contents on this site are copyrighted ©.