2011-11-14 17:09:21

Беларусь у цэнтры міжнароднага экуменічнага дыялога


RealAudioMP3 Сёння ў Мінску працягвалася міжнародная канферэнцыя “Праваслаўна-каталіцкі дыялог: хрысціянскія этычныя каштоўнасці як уклад у сацыяльнае жыццё Еўропы”. У гэтым высокім форуме прымаюць удзел тэолагі, вучоныя, філосафы, духавенства з 10 краін свету. У тым ліку арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і Мітрапаліт Філарэт. Высокім госцем канфэренцыі стаў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох. Напярэданні ён меў магчымасць не толькі пачуць, але і ўбачыць адносіны паміж двума галоўнымі канфесіямі Беларусі – кардынал наведаў праваслаўную літургію і ўзначаліў св. Імшу ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Сёння ватыканскі іерарх сустрэўся з Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Не шмат форумаў могуць выклікаць такі інтарэс – 200 удзельнікаў з 10 стран – адзначыў ігумен Філарэт Ягораў, член Усеўкраінскага праваслаўнага педагагічнага аб’яднання.

Другі дзень канферэнцыі прысвяцілі пошуку адказаў на выклікі сучаснага свету – секулярызацыі, пытанням міграцыі, біяэтыкі, крызісу сям’і і веры. Хрысціянскія каштоўнасці – нязменныя. Яны не павінны быць залежнымі ад сітуацыі, а, наадварот, уплываць і змяняць яе – гэта словы з аднаго з дакладаў. Невыпадкова такі прадстаўнічы форум сабраўся менавіта ў Беларусі. Традыцыйныя канфесіі маюць добрыя адносіны паміж сабой. Як адзначыў айцец Фадзей Барнас, галоўны рэдактар часопіса “Ірынікон” з Бельгіі (ён спецыялізуецца на экуменічнай тэматыцы) Беларусь – мост паміж каталіцкім Захадам і праваслаўным Усходам. І такія форумы – гэта ўнікальная магчымасць пачуць у гэтым свеце адно аднаго, а свету – пачуць голас Царквы.

“Нам вядома, што на працягу гісторыі існавалі праблемы ў праваслаўна-каталіцкім дыялогу, але сёння ў яго цэнтры знаходзіцца менавіта Беларусь. Тут існуе магчымасць праводзіць падобныя канферэнцыі і трэба адзначыць, што ў гэтым ёсць заслуга Мітрапаліта Філарэта. Ён сваімі намаганнямі вельмі спрыяе развіццю гэтага дыялога. Сёння Беларусь – lгэта тое месца якое дазваляе паменшыць ціск у адносінах паміж двума канфесіямі”, - падкрэсліў госць з Францыі.

Гэта сёмы форум з цыклу так званых дыялогаў. Па традыцыі, з-за стала перамоў удзельнікі перамяшчаюцца ў зал канцэртны. У гэтыя хвіліны ў Белдзяржфілармоніі праходзіць канцэрт “Галасы стварэння-2011” – падчас якога гучаць праваслаўныя і каталіцкія песнапенні, у тым ліку “Рэквіем” Моцарта, адмыслова прысвечаны памёршаму кардыналу Казіміру Свёнтку.







All the contents on this site are copyrighted ©.