2011-11-13 12:03:31

Мінск: кардынал Кох узначаліў св. Імшу ў архікатэдральным касцёле


RealAudioMP3 13 лістапада кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, узначаліў св. Імшу, якая прайшла ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. Падчас літургіі іерарх прамовіў гамілію ў якой паспрабаваў адказаць на пытанне: як суаднесці Апошні суд Божы ў канцы часоў з Евангеллем, якое кажа, што Бог – гэта любоў?

Кардынал Кох падкрэсліў натуральную патрэбу людзей у справядлівых свецкіх судовых інстытутах. “Людзі, якія жывуць ва ўмовах палітычнай дыктатуры на ўласным прыкладзе зведалі, што значыць не мець судзі”, - сказаў іерарх і дадаў, што такія людзі, асабліва бедныя і церпячыя, вельмі жадаюць, каб у свеце, з міласці Божай, запанавала справядлівасць.

Старшыня ватыканскай дыкастэрыі звярнуў увагу на разуменне важнасці Божага Суда. Іерарх адзначыў, што яго існаванне, з’яўляецца для людзей благаслаўленнем, бо калі б не было Божага Суда, гэта б сведчыла аб абыякавасці Бога да створанага ім чалавека. “І праз тое, што ўся сусветная гісторыя будзе ацэнена і асуджана Богам, азначае, што Бог трактуе яе сур’ёзна і з павагай”, - адзначыў кардынал Кох.

Адначасова, іерарх падкрэсліў, што Суд Божы – “гэта тэрапеўтычны і поўны міласэрнасці акт Божай ласкі”, “выпрабаванне Яго Міласэрнасці і Любові”, а Хрыстус выступае як Судзя, “які асуджае для таго, каб запанавала справядлівасць”. Ён указаў на Апошні суд Божы, як на крыніцу надзеі чалавека, якая яго ніколі не пакідае і дае суцяшэнне, а таксама становіцца крыніцай штодзённай радасці.

Кардынал Курт Кох, прыбыў у Мінск вечарам 12 лістапада па запрашэнні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі.

Каталіцкі іерарх прыме ўдзел у трохдзённай канферэнцыі, якая пройдзе ў Мінску на тэму: “Праваслаўна-каталіцкі дыялог: хрысціянскія этычныя каштоўнасці як уклад у сацыяльнае жыццё Еўропы”. З дакладамі на форуме выступяць акрамя старшыні ватыканскай дыкастэрыі, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, сакратар Аддзелу знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Дзмітрый Сізаненка.








All the contents on this site are copyrighted ©.