2011-11-13 11:25:16

"З сэрцам у кантакце". Сталая ўвага


RealAudioMP3 Тэма сённяшняй нашай перадачы – увага. (А дапамагае мне разважаць пра яе кніга кардынала Томаша Шпідліка «Мастацтва ачышчэння сэрца»). Увага – гэты аскетычны тэрмін быў вельмі важным для старадаўніх манахаў на хрысціянскім усходзе. Увага, уважлівасьць – гэта здольнасьць да духоўнай канцэнтрацыя, якая неабходная для сталага ўнутранага супакою сэрца.

Айцы Царквы гавораць, што духоўная барацьба ёсць істотай хрысціянскай аскезы. Ян Лесвечнік тлумачыць, што дыябал часамі паводзіць сябе з чалавекам, як ліса з птушкай. Ліса можа прыкідвацца, што спіць, каб птушкі не баяліся да яе наблізіцца, каб потым раптоўна на іх скокнуць.

Гэтае параўнанне азначае, што ў духоўным жыцці нам нельга губляць увагу, але быць гатовымі да духоўнай барацьбы ў кожны момант. Калі чалавек уважлівы ў духоўным жыцці, і ўмее змагацца ды адказвае на спакусы, то ён хутка здабывае кожны раз яшчэ больш здольнасцяў у іх перамаганні. Урэшце гэта пачынае яму падабацца, бо ў такой барацьбе ён адкрывае сваю свабоду і звышнатуральную моц.

“Духоўная стрыманасць”

Мір сэрца не будзе трывалым, калі не бараніць яго сталай увагай, звернутай на перашкоды, якія прыходзяць “звонку” і намагаюцца ўвайсці ў нутро чалавека. Дзеля гэтага, чуванне сэрца ў слоўніку аскетаў называецца таксама “духоўнай стрыманасцю” альбо звычайна “уважлівасцю”.

Сапраўдны чалавечы ўчынак ёсць свядомы і дабраахвотны. Чым больш слабее свядомасць, тым больш чалавек робіцца неўважлівым, тым лягчэй стаецца ахвярай фантазій, сноў ды розных пакутлівых перажыванняў.

Малітва ёсць узнесеннем розуму да Бога, і нельга яе ўявіць без уважлівасці. Грэцкія духоўныя аўтары ўжываюць тут гульню словаў, якую цяжка перакласці. Уважлівасць называецца па-грэцку prosoche, малітва – proseuche: два вельмі падобныя словы.

Вось чаму гэтага гаворыцца, што першая (увага) ёсць маці другой (малітвы). У візантыйскам багаслужэнні перад важнымі момантамі дыякан выгалошвае менавіта такі напамін: “Prosoche, будзьма уважлівая!”.

Здольнасць да канцэнтрацыі

Цяжка сказаць, на чым палягае ўважлівасць. Яе звычайнае акрэсленне – гэта “псыхалагічная прысутнасць таго, што дзеецца”. Калі хто-небудзь кіруе машынай і не мысліць не аб чым, акрамя таго, што бачыць на дарозе, тады кіруе бяспечна. Аднак калі яго розум заняты сур’ёзнай сямейнай праблемай, тады толькі ягоныя вочы назіраюць за дарогай, у той час, як яго “галава”, яго думкі знаходзяцца дзесьці ў іншым месцы. Вось у такія моманты і можа стацца здарэнне.

Таксама шматлікія святыя, якія інтэнсіўна моляцца, робяцца быццам невідушчыя і глухія ў адносінах да таго, што адбываецца вакол іх. Мы можам прачытаць пра святога Бернарда, што ён ня быў у стане сказаць, якога колеру была столь у яго кельі. Відавочна ён быў ўвесь час засяроджаны на малітве.

Здольнасць да поўнага засяроджвання вельмі моцна палягчае працу. Гэта дар прыроды і Бога, аднак не ўсе яго маюць. Вельмі часта мы можам сустрэць асобаў, якія не здольныя да канцэнтрацыі. Яны адчыняюць кнігу і іх думкі аб тысячы розных рэчаў, апрача таго, што чытаюць. Калі яны прамаўляюць, то пераскокваюць з адной тэмы на другую. Мы можам толькі здагадвацца, Бог ведае, колькі і якія дзіўныя рэчы прыходзяць у галовы такім асобам, калі распачынаюць маліцца!

Як навучыцца быць уважлівым?

Ёсць людзі, якія асабліва пакутуюць з-за таго, што яны ненармальна рассеяныя. Пакідаем гэтую праблему растаропным лекарам, можам тут толькі заўважыць аднак, што вельмі часта недахоп канцэнтрацыі з’яўляецца вынікам адсутнасці добрай звычкі. У такім выпадку моцная сіла волі можа выклікаць нават вельмі хуткае паляпшэнне.

Пэўны псіхолаг меў у сваім кабінеце вялікі акварыум поўны розных рэдкіх гатункаў рыбаў. Каля акварыума стаяла некалькі фатэляў, у іх сядалі пацыенты, якія мелі праблему канцэнтрацыі пад час чытання. Псіхолаг прасіў кожнага з іх, каб сачылі позіркам за адной пэўнай рыбкай. Напачатку гэта было цяжка для іх, аднак пасля некалькіх практыкаванняў яны ўжо маглі сачыць кожны за сваёй рыбкай, нават на працягу паловы гадзіны... Пасля такіх практыкаванняў пацыенты сведчылі, што таксама могуць сачыць на працягу поўгадзіны за развіццём сюжэту кнігі.

Бываюць аднак моманты, у якія каб быць уважлівымі нам не трэба ніякіх практыкаванняў. Напрыклад аматар футбола назірае матч на працягу доўгага часу без разсеянасці. Нават, калі б хацеў рассеяцца, гэта было б не лёгка, бо гэта вельмі цяжкае заданне адцягнуць увагу асобы, калі яна ўжо яе на чымсці сканцэнтравала. Вельмі трапна кажуць псіхолагі, што ўвага ёсць дачкою зацікаўленасці.

Хрысціянскія аскеты сцверджвалі тое ж самае і, дастасоўваючы гэты прынцып да малітвы, казалі: засяроджанасць на Богу залежыць ад любові, якая паводле старой манаскай прымаўкі ёсць “агнём, што паліць у сэрцы, і які разганяе ў розуме, ўзнесеным да Госпада, хмары думак благіх і непатрэбных”.








All the contents on this site are copyrighted ©.