2011-11-12 14:27:47

Патрыярх Маскоўскі напісаў да генсека Рады Еўропы


RealAudioMP3 Рэлігійнае вымярэнне грае пазітыўную ролю ў развіцці міжкультурнага дыялогу, - адзначае ў сваім лісце да Генеральнага сакратара Рады Еўропы Торб’ёрна Ягланда Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. Аб гэтым піша сённяшняя “L’Osservatore Romano”.

У лісце гаворыцца аб задавальненні і падтрымцы з боку Патрыярха рэкамендацый Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы стварыць канкрэтную прастору дыялогу паміж Радай Еўропы і традыцыйнымі рэлігійнымі арганізацыямі, каб паставіць існуючыя адносіны на афіцыйна прызнаную стабільную платформу. Руская Праваслаўная Царква лічыць важнымі штогадовыя кансультацыі, якія праводзяцца пад эгідай Камітэта міністраў арганізацыі з традыцыйнымі рэлігійнымі арганізацыямі. Іерарх з задавальненнем успрымае ініцыятыву групы еўрапейскіх прадстаўнікоў па стварэнні пастаяннага механізму дыялогу паміж Радай Еўропы і рэлігіямі.

Канчатковай мэтай падобных ініцыятыў з’яўляецца “дасягненне адзінства паміж членамі Рады Еўропы”, цытуе ватыканскае выданне словы ліста, якім Патрыярх Маскоўскі афіцыйна прызначае ігумена Філіпа (Рабых) прадстаўніком Рускай Праваслаўнай Царквы пры Радзе Еўропы.

Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы сцвярджае, што адзінства немагчыма без уліку духоўна-маральных ідэалаў, на якіх грунтуецца чалавечае грамадства. На думку Патрыярха Кірыла, “для большасці еўрапейцаў гэтыя ідэалы звязаны з хрысціянствам”.







All the contents on this site are copyrighted ©.