2011-11-12 13:15:55

Бэнэдыкт XVI: да дасягненняў у медыцыне нельга імкнуцца за кошт чалавечых жыццяў


RealAudioMP3 12 лістапада ў Клеменційскай Залі Апостальскага Палаца ў Ватыкане Бэнэдыкт XVI сустрэўся з удзельнікамі міжнароднай канферэнцыі “Дарослыя ствалавыя клеткі: навука і будучыня чалавека і культуры”, якая праходзіла 9-11 лістапада ў Рыме па ініцыятыве Папскай рады па культуры.

Святы Айцец адзначыў, што навука дае ўнікальную магчымасць даследваць розныя аспекты, якія тычацца чалавечага жыцця, аднак, калі забыцца аб такіх вымярэннях, як бессмяротнасць душы і годнасць асобы, заўсёды існуе небяспека таго, што даследванні набудуць глыбока ўтылітарысцкі характар. “Касцёл прапануе сваю падтрымку тым, хто займаецца навукай, з умовай, што яна будзе ўлічваць інтэгральнае дабро чалавека і супольнае дабро грамадства”, - падкрэсліў Папа.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што сёння прагматычны менталітэт уплывае на ўжыванне любых сродкаў для дасягнення жаданага выніку. “Мэта адкрыцця лекаў ад дэгенератыўных хваробаў настолькі прываблівае навукоўцаў і палітыкаў, што яны імкнуцца не звяртаць увагі на этычныя супярэчнасці, каб ісці наперад у даследваннях. - сказаў Святы Айцец і дадаў, што “падчас даследвання ствалавых клетак трэба памятаць аб неад’емным праве на жыццё кожнага чалавека – з моманту зачацця і да натуральнай смерці”. “Знішчэнне нават аднаго чалавечага жыцця ніколі не можа быць апраўдана з пункту гледжання карысці, якую яно прынясе іншым”, - падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.

Пантыфік звярнуў увагу, што такія этычныя праблемы не ўзнікаюць, калі ствалавыя клеткі бяруцца з тканяў дарослага арганізма, з крыві пупавіны ў момант нараджэння, ці з пладоў, якія памерлі натуральнай смерцю.

“Такім чынам, дыялог паміж навукай і этыкай, мае вельмі вялікае значэнне для таго, каб дасягненні ў медыцыне, ніколі не рабіліся за кошт чалавечых жыццяў”, - сказаў Бэнэдыкт XVI. Пантыфік адзначыў, што Касцёл імкнецца не перашкаджаць навуковаму прагрэсу, але накіроўвае яго, каб быў па-сапраўднаму плённым і карысным для чалавецтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.