Аўстрыйскія біскупы аб будучым благаслаўлёным кс. Карле Ламперце
13 лістапада ў аўстрыйскім
Дорнбірне адбудзецца св. Імша, падчас якой пройдзе абрад беатыфікацыі Карла Ламперта,
святара і мучаніка, забітага ў 1944 г. нацыстамі. З гэтай нагоды аўстрыйскія біскупы
ў інтэрв’ю агенству “Kathpress” расказалі аб актуальнасці хрысціянскага сведчання
Слугі Божага і важнасці яго прыкладу для сучасных людзей.
“Кс. Ламперт, быў
біскупскім провікарыем тырольскай часткі Апостальскай Адміністратуры Інсбурк-Фельдкірх
і чалавекам глыбокай веры”, - расказаў Біскуп Інсбрукскі Манфрэд Шоер. Гаворачы аб
будучым благаслаўлёным, іерарх адзначыў, што падчас ІІ Сусветнай вайны, ён заўсёды
быў голасам самых слабых і безабаронных. “Ён быў абаронцам законнасці і мужнай пазіцыі
Касцёла. Таксама і сёння людзі павінны выбіраць паміж законам і беззаконнем, паміж
чалавечай ці варварскай пазіцыяй. Сёння, хоць пад іншымі імёнамі і ў іншых умовах,
таксама трэба выбіраць паміж службай Богу і бажкам”, - сказаў біскуп Шоер.
Біскуп
Фельдкірхскі Эльмар Фішэр, выказаў надзею, што будучы благаслаўлёны стане прыкладам
хрысціянскага жыцця для моладзі. “Ламперт жыў як сапраўдны хрысціянін: не як частка
безвольнай масы, але баронячы свой выбар”, - сказаў біскуп Фішэр.
Кс. Карл
Ламперт, актыўна займаючыся душпастрыскай дзейнасцю і абаронай пераследаваных нацыстамі
грамадзян, уступіў у канфлікт з мясцовымі гітлераўскімі ўладамі. Святар адмовіўся
размясціць свастыку ў святынях і на касцёльных будынках і скіраваў ліст у нунцыятуру,
у якім паскардзіўся на тое, што нацысты ўмешваюцца ва ўнутраныя справы Касцёла. За
гэта кс. Ламперт быў арыштаваны і скіраваны ў канцлагер у Дахаў, а пасля вызвалення
адтуль заставаўся пад кантролем гестапа. У 1944 г. будучы благаслаўлёны быў паўторна
арыштаваны і пасля катаванняў растраляны.