2011-11-10 13:06:33

Пакістан: католікі і індуісты пратэстуюць супраць гвалту


RealAudioMP3 Пратэстуючы супраць бездзейнасці ўрада Пакістана перад абліччам гвалту ў адносінах да рэлігійных меньшасцяў краіны, мясцовыя індуісты і католікі, палітычныя і грамадскія лідэры, правялі дэманстрацыю ў горадзе Хайдарабадзе і аб’явілі галадоўку. Нагодай для такога пратэсту сталася забойства 4 медыкаў індуіскага веравызнання ў горадзе Чак на поўначы правінцыі Сіндх, паведамляе агенства “Fides”.

Удзельнікі акцыі пратэста патрабуюць большай абароны з боку дзяржаўных структур. Некаторыя грамадскія лідары заклікалі ўрад прыняць рашучыя меры, каб спыніць захоп земляў і будынкаў, выпадкі пагроз, якія штодзённа атрымліваюць хрысціяне і індуісты ад груп ісламскіх фундаменталістаў.

“Члены фундаменталіскіх груповак забіваюць індуістаў, каб запалохаць вернікаў і прымусіць пакінуць правінцыю”,- расказаў кіраўнік мясцовай камісіі “Iustitia et pax” кс. Самсон Шукардзін. У сваім звароце да ўраду прадстаўнікі рэлігійных меньшасцяў падкрэсліваюць, што, сутыкаючыся з безчалавечымі і амаральнымі актамі, працягваюць спадзявацца і “верыць у мір, гармонію і росквіт Пакістана”.








All the contents on this site are copyrighted ©.