2011-11-10 15:02:26

Кс. Ламбардзі: Папа плануе наведаць Мексіку і Кубу


RealAudioMP3 Адказваючы сёння на пытанні журналістаў аб магчымасці Апостальскага падарожжа Папы ў Лацінскую Амерыку, кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыко Ламбардзі падцвердзіў, што нунцыям ў Мексіцы і на Кубе было даручана паведаміць рэлігійным і грамадзянскім кіраўнікам гэтых краін, што Папа думае над праектам падарожжа, жадаючы станоўча адказаць на атрыманыя запрашэнні.

“Бэнэдыкт XVI ўжо пабываў у Бразіліі, але таксама і іспанамоўныя краіны кантынента жадаюць прывітаць намесніка св. Пятра на сваіх землях, а найбольшай па народанасельніцтву з іх з’яўляецца Мексіка”, - расказаў кс. Ламбардзі. Святар адзначыў, што Куба ў 2012 г. рыхтуецца адсвяткаваць 400-годдзе цудатворнай статуі Найсвяцейшай Панны Марыі з Эль Кабрэ, якая захоўваецца ў санктуарыі недалёка ад Санцьяга, і візіт можа быць прымеркаваны да гэтай нагоды.

Кс. Ламбардзі нагадаў, што пасля ўдзелу Бэнэдыкта XVI ў кантынентальнай Канферэнцыі ў Апарэчыда 4 гады таму, у краінах Лацінскай Амерыкі павысіўся місійны і евангелізацыйны запал. “Сваім падарожжам Папа жадае ўмацаваць увесь Касцёл, асабліва ў сувязі з падрыхтоўкай да святкавання Года веры”,- падкрэсліў кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.