2011-11-09 13:31:03

Святы Айцец: слуханне Божага Слова – гэта асабістая сустрэча з Хрыстом


RealAudioMP3 Падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі, якая прайшла на плошчы св. Пятра ў Рыме, Бэнэдыкт XVI прамовіў катэхезу прысвечаную 119 псальму згодна з яўрэйскай традыцыяй, ці 118 згодна з грэка-лацінскай. Папа адзначыў, што гэты псальм з’яўляецца ўнікальным, перш за ўсё дзякуючы сваёй даўжыні, а таксама таму, што складаецца з 22 слупкоў згодна з яўрэйскім алфавітам, які складаецца з 22 літар. “Кожны слупок адпавядае адной літары алфавіта, і з гэтай літары пачынаецца першае слова ў кожным слупку”, - патлумачыў Святы Айцец.

“Але тое, што важна для нас, гэта цэнтральная тэма псальма: гаворка ідзе аб урачыстым спеве прысвечаным Торы Пана, г.зн., Яго закону, паняцці, якое па сваёй сутнасці з’яўляецца вельмі шырокім і складаным і можа быць зразумелым, толькі дзякуючы навучанню, адукацыі, жыццёвай пазіцыі; Тора гэта адкрыццё, Слова Божае, якое звернута да чалавека і чакае яго адказу ў выглядзе даверлівай паслухмянасці і шчырай любові”.

Папа адзначыў, што Слова Божае не з’яўляецца ярмом рабства, але дарам ласкі, якая робіць нас свабоднымі і вядзе да шчасця. “Вернасць псальміста нарадзілася ад слухання Слова, разважжання над ім і любові, як і Марыя, якая “захоўвала і разважала ў сваім сэрцы” аб словах якія былі звязаны з цудоўнымі падзеямі, што Пан адкрыў, просячы яе вернай згоды”, - сказаў Пантыфік.

“Божы закон, аб’ект шчырай любові псальміста і кожнага верніка, з’яўляецца крыніцай жыцця. Жаданне зразумець яго, захоўваць, скіроўваць да яго ўсё уласнае існаванне з’яўляецца характарыстыкай справядлівага і вернага Пану чалавека, які “разважае днём і ноччу”, як адзначаецца ў псальме”.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што “слуханне Божага Слова – гэта асабістая сустрэча з Панам жыцця, сустрэча, якая павінна перамяніцца ў канкрэтныя выбары і стаць шляхам і наследваннем”. “119 псальм вядзе нас на сустрэчу з Хрыстом і скіроўвае нас да Евангелля”, - сказаў Папа.

Пантыфік звярнуў асаблівую ўвагу на словы псальміста “Пан – мая доля”. “Гэта паняцце “доля”, скіроўвае нас да моманту падзела абяцанай зямлі паміж плямёнамі Ізраэля, калі Левітам не было дадзена ніводнага кавалка тэрыторыі, бо іх “доляй” быў сам Пан.

Святары, якія прыналежалі да племяні Левітаў, не маглі быць уладальнікамі земляў у краіне якую Бог падараваў у спадчыну свайму народу выконваючы абяцанне дадзенае Абрагаму. Валоданне зямлёй гэта фундаментальны элемент для стабільнасці і выжывання, знак благаслаўлення, бо давала магчымасць пабудаваць дом, расціць дзяцей, апрацоўваць палі і карыстацца пладамі зямлі”.

Бэнэдыкт XVI патлумачыў, што абраныя Панам павінны былі “жыць толькі ім і цалкам аддаца Яго прадбачлівай любові і шчырасці братоў, не маючы спадчыны, бо Бог, быў іх доляй і спадчынай, Бог быў іх зямлёй, якая давала магчымасць жыць упоўні”.

Папа адзначыў важнасць і актуальнасць гэтага псальма, асабліва ў адносінах да святароў, пакліканых жыць толькі Богам і Яго Словам. “У гэтым святле разумеецца свабодны выбар адкрыцця прыгажосці і сілы цэлібата для Валадарства нябеснага”, - сказаў Святы Айцец. Папа падкрэсліў, што гэтыя словы важны таксама для кожнага верніка, бо з’яўляюцца заклікам да радыкальнага жыцця Евангеллем, сведчання сваім жыццём аб Хрысце. “Пан і Яго Слова, гэта наша “зямля”, у якой мы павінны жыць у адзінстве і радасці”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі Папа звярнуўся да ўсіх хто зараз пакутуе ад прыродных катаклізмаў, якія ахапілі многія краіну свету, ад Лацінскай Амерыкі да паўднёвага ўсходу Азіі. Пантыфік выказаў спачуванні ахвярам катаклізмаў і іх блізкім, запэўніў іх у свай малітве і звярнуўся да ўсіх вернікаў і людзей добрай волі з просьбай дапамагаць у пераадоленні наступстваў трагедыі.

На заканчэнне сённяшняй аўдыенцыі Бэнэдыкту XVI было ўручана ганаровае грамадзянства горада Нац-Шыавес на поўначы Італіі, дзе нарадзіліся прабабуля і бабуля Ёзэфа Ратцынгера.








All the contents on this site are copyrighted ©.