2011-11-09 13:36:48

Папа атрымаў ганаровае грамадзянства Нац-Шабс/Нац-Шыавес


RealAudioMP3 Пасля сённяшняй аўдыенцыі, якая прайшла на плошчы св. Пятра ў Рыме, Бэнэдыкту XVI было ўручана ганаровае грамадзянства Нац-Шабс/ Нац-Шыавес, што знаходзіцца у аўтаномнай правінцыі Больцана на поўначы Італіі. У гэтым горадзе нарадзілася Альжбета Марыя Таўбер (1832) і Марыя Таўбер-Пэйнтнер (1855), адпаведна прабабуля і бабуля Ёзэфа Ратцынгера.

На цэрымоніі ўручэння спецыяльнага пасведчання аб ганаровым грамадзянстве прысутнічала дэлегацыя мясцовасці, якую ўзначаліў мэр горада Пэтэр Гасер.

Папа падзякаваў прадстаўнікам дэлегацыі за гэты дар і адзначыў, што іх зямля заўсёды звязана з успамінамі аб апавяданнях, якія ён чуў з вуснаў сваёй маці. Святы Айцец расказаў, што не быў знаёмы са сваімі прабабуляй і бабуляй, бо яны памерлі калі будучы Папа быў яшчэ вельмі маленькі. Бэнэдыкт XVI узгадаў, аб тым, як у маладосці наведваў мясціны вакол Нац-Шабс/Нац-Шыавеса і захапляўся прыгажосцю гэтых мясцін. “Але яны не былі прыгожымі толькі дзякуючы Стварэнню, але таму што людзі адказалі на заклік Стварыцеля: калі узгадаем аб гатычных вежах, аб прыгожых хатах і добрых людзях, цудоўнай музыцы, убачым, што яны адказалі на заклік і так, ад супрацоўніцтва паміж Стварыцелем, яго анёламі і людзьмі, нарадзілася гэта незвычайна цудоўная зямля. Я вельмі шчаслівы і ганаруся, у пэўным сэнсе, быць яе часткай”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў клапаціцца аб тым, каб зямля Нац-Шыавеса заставалася такой як сёння і каб прырода, стварэнне і жыццё людзей злучыліся ў адну мелодыю, каб вера прыносіла радасць і дапамагала перамагаць цяжкія сітуацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.