2011-11-08 13:27:53

Новая Зеландыя: біскупы заклікаюць да клопату аб супольным дабры


RealAudioMP3 Канферэнцыя Біскупаў Новай Зеландыі скіравала спецыяльны зварот у сувязі з маючымі адбыцца 26 лістапада выбарамі новага ўраду. У пасланні пад назвай “У абарону супольнага дабра” біскупы заклікаюць грамадзян адказна аднесціся да гэтай важнай падзеі.

Цытуючы словы Бэнэдыкта XVI з энцыклікі “Caritas in veritate” (“Любоў у праўдзе”) аб тым, што любоў да бліжняга значна больш эфектыўная, калі яна выяўляецца праз дзеянні на карысць супольнага дабра, біскупы звяртаюць увагу, што менавіта католікі могуць стаць дынамічнай сілай палітычных выбараў. Іерархі заклікаюць памятаць аб прыярытэце каштоўнасці жыцця і павагі да чалавечай годнасці, абароне бедных і слабых, спрыянні развіццю сацыяльных адносін. На думку біскупаў выбары з’яўляюцца момантам калім чалавек можа паразважаць над тым, не “што лепш для мяне”, але “што лепш для ўсіх”.

Каталіцкія іерархі Новай Зеландыі, нагадваючы аб шматкультурнасці насельніцтва краіны, кажуць аб небяспецы забыцця аб узаемазалежнасці, якая аб’ядноўвае усіх людзей. “Ніхто не можа жыць у адзіноце: мы ўсе сацыяльныя стварэнні для якіх узаемазалежнасць з’яўляецца важнай”, - адзначаюць іерархі. Аднак, на думку біскупаў перад грамадствам стаяць выклікі індывідуалізма і эгаізма. “На гэтыя выклікі трэба адказаць духам прымірэння, салідарнасці і супрацоўніцтва”, - адзначаецца ў пасланні.

“Мэтай палітыцы павінна быць дабро ўсіх нашых супольнасцяў, грамадстваў і ўсёй чалавечай сям’і”, - кажуць біскупы Новай Зеландыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.