2011-11-07 13:22:09

Нігерыя: падчас тэракту загінула 150 хрысціян


RealAudioMP3 4 лістапада ў нігерыйскім Даматуру ў выніку тэрарыстычных актаў ісламскай секты Боко Харам загінула болш за 150 чалавек, а сотні былі паранены. Мэтай тэрарыстаў было поўнае знішчэнне 6 касцёлаў і сядзібы мясцовай паліцыі.

Паводле біскупа дыяцэзіі Майдугуры Олівера Дашэ Доэмэ, на тэрыторыі якой знаходзіцца Даматуру, прычынай цяперашняй хвалі насілля з’яўляюцца рэлігійны, палітычны, грамадскі і эканамічны фактары. “У нашым грамадстве ёсць асобы, якія раней займалі важныя пасады, а зараз страцілі свой аўтарытэт і выкарыстоўваюць рэлігію да таго, каб распальваць у душах малаадукаваных маладых людзей нянавісць і насілле”, - сказаў іерарх.

Біскуп Доэмэ падкрэсліў, што ў нігерыйскай культуры існуе перакананне, што той, хто памірае ў барацьбе за якую-небудзь справу, увойдзе ў рай. Іерарх звяртае ўвагу на тое, што “маладыя людзі з’яўляюцца прыладамі ў руках прагных палітыкаў, якія губляюць свае ўплывы, але хочуць застацца пры ўладзе, каб павялічваць свае фінансавыя даходы”. Біскуп адзначыў, што ў аснове ўсіх грамадскіх, палітычных і эканамічных няшчасцяў Нігеры ляжыць карупцыя.

Пасля ўчарашняй малітвы “Анёл Панскі” папа Бэнэдыкт XVI выказаў сваю занепакоенасць тым, што адбываецца ў Нігерыі. “Я з трывогай сачу за трагічнымі падзеямі, якія адбыліся ў апошнія дні ў Нігерыі. Малюся за ахвяраў гэтай трагедыі і заклікаю да спынення ўсіх форм насілля, якое не вырашае праблемы, але толькі іх павялічвае, ведучы да нянавісці і падзелаў нават сярод вернікаў”, - адзначыў з занепакоенасцю Бэнэдыкт ХVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.