2011-11-05 12:04:23

Бэнэдыкт XVI звярнуўся да студэнтаў і выкладчыкаў Папскіх універсітэтаў


RealAudioMP3 4 лістапада Бэнэдыкт XVI прыняў удзел у малітве нешпараў з нагоды пачатку навучальнага года ў Папскіх універсітэтах Рыма. У малітве, якая прайшла ў Ватыканскай базыліцы прынялі ўдзел шматлікія студэнты, выкладчыкі, а таксама іерархі Касцёла.

Папа звярнуўся да прысутных з прамовай, якую прысвяціў святарскаму служэнню. Святы Айцец адзначыў, што пакліканне да апостальскай дзейнасці нараджаецца дзякуючы малітве, блізкаму асабістаму кантакту з Хрыстом і жаданню перадаваць веру і атрыманае пасланне. “Перш за ўсё ў пакліканні да святарскага служэння, прысутнічае сустрэча з Езусам і вялікае ўражанне ад Яго словаў, жэстаў, голаса”, - сказаў Папа. “Той хто служыць Евангеллю – гэта чалавек, які, умацоўваецца Хрыстом, здольны быць з Ім, увайсці ў сугучча з Ім, блізкае сяброўства, каб рабіць “тое, што падабаецца Айцу”, згодна з Яго жаданнем любові, з вялікай унутранай свабодай і глыбокай радасцю сэрца”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што пакліканне гэта не заслуга чалавека, але дар Бога, а таксама аб тым, што сапраўдным дасягненнем святара з’яўляецца не поспех, але крыж.

Пантыфік звярнуўся таксама да шматлікіх прысутных свецкіх вернікаў і заклікаў іх таксама штодзённа шукаць глыбокіх адносін з Хрыстом і выконваць Яго волю. “Важна падрыхтавацца, праз сур’ёзныя адносіны да вучобы, да таго, каб служыць Божаму Народу ў заданнях, якія вам давераны”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.