2011-11-04 11:35:01

Папа прыняў даверчыя граматы пасла Кот-д’Івуара пры Апостальскай Сталіцы


RealAudioMP3 4 лістапада Бэнэдыкт XVI прыняў даверчыя граматы новага пасла Рэспублікі Кот-д’Івуар пры Апостальскай Сталіцы спадара Жозэ Цеба-Кла. Папа звярнуўся да яго з прамовай у якой запэўніў у сваёй малітве аб тым, каб жыхары Кот-д’Івуара маглі жыць годна, шчасліва і спакойна.

Пантыфік адзначыў, што вельмі цэніць імкненне ўрада гэтай краіны шукаць шляхі для дасягнення нацыянальнага прымірэння і грамадскага адзінства на фундаменце праўды, гармоніі і павагі да чалавечай годнасці. “133 псальм кажа: як добра калі браты жывуць разам і ў адзінстве”, - нагадаў Святы Айцец і выказаў надзею, што прымірэнне паміж жыхарамі Кот-д’Івуара зможа стаць прыкладам для ўсіх краін афрыканскага кантынента.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што падчас грамадзянскай вайны ў гэтай краіне яе насельніцтва стала сведкам жудасных злачынстваў і парушэння правоў чалавека. Папа заклікаў не баяцца праўды аб мінулым, але імкнуцца гарманічна і праўдзіва пераасэнсаваць яе і спрыяць рэалізацыі справядлівасці.

Святы Айцец звярнуў увагу на важнасці празрыстасці падчас судовых працэсаў над злачынцамі і ў кіраванні дзяржавай. “Дасягненне агульнага дабра патрабуе дысцыпліны, справядлівасці і празрыстасці ў сферы дзяржаўнага кіравання”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік адзначыў, што рэлігійная разнароднасць насельніцтва Кот-д’Івуара з’яўляецца сапраўдным багаццем. “Дзяржава не можа падтрымліваць толькі адну з рэлігій, але павінна гарантаваць свабоду і мір паміж паслядоўнікамі ўсіх веравызнанняў”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI запэўніў новага дыпламатычнага прадстаўніка Кот-д’Івуара ў тым, што Касцёл працягне падтрымліваць і дапамагаць гэтай краіне ў сферах развіцця, адукацыі, аховы здароўя і дабрачыннай дзейнасці.

Новапрызначыны пасол Кот-д’Івуара пры Апостальскай Сталіцы спадар Жозэ Цеба-Кла атрымаў адукацыю ў сферы міжнародных адносін у Парыжы. Пачаў дыпламатычную кар’еру ў 1976 г. Працаваў сакратаром пасольстваў Кот-д’Івуара ў Буркіна Фасо і Бельгіі. З 2003 г. быў саветнікам у пасольстве гэтай краіны пры Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.