2011-11-03 14:35:35

Турцыя: хрысціяне павіншавалі мусульман з Курбан Байрам


RealAudioMP3 5-9 лістапада ў Турцыі адзначаецца ісламскае свята Курбан Байрам. Яно звязана з эпізодам, калі Бог просіць Абрагама скласці ў ахвяру свайго сына. Свята з’яўляецца адным з самых важных для туркаў, хоць краіна афіцыйна лічыцца свецкай.

З нагоды Курбан Байрам Камісія па справах міжрэлігійнага дыялога пры Апостальскім вікарыяце ў Істамбуле скіравала спецыяльнае пасланне, у якім адзначае, што сёння ў свеце паглыбляюцца разыходжанні паміж хрысціянамі і мусульманамі. “Мы ведаем пра пакуты нашых хрысціянскіх братоў і сясцёр ў многіх краінах свету. Свята Курбан Байрам з’яўляецца добрай нагодай для таго, каб папрасіць адзінага Бога аб ласку, каб мы сталі носьбітамі евангельскага міру і дару гасціннасці, не зважаючы на рэлігійныя адрозненні”, - напісана ў лісце камісіі.

Аўтары ўзгадваюць таксама сустрэчу рэлігійных лідэраў свету, якая прайшла 25 гадоў таму ў Асізі па ініцыятыве бл. Яна Паўла ІІ, і нядаўнюю пілігрымку Бэнэдыкта ХVI у горад св. Францішка.

Камісія па справах міжрэлігійнага дыялога пры Апостальскім вікарыяце ў Істамбуле заклікае ўсіх жыхароў краіны “звярнуцца да адзінага Бога, які з’яўляецца любоў’ю”, каб зрабіў усіх здольнымі імкнуцца да адзінства сэрцаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.