2011-11-03 12:19:24

Музычны падарунак Ватыканскага радыё для Афрыкі


Да падарожжа Бэнэдыкта XVI у Бенін, якое адбудзецца 18-20 лістапада 2011 г., Ватыканскае радыё выпусціла адмысловы кампакт-дыск пад назвай “Афрыка, стварай мір!” Святы Айцец прыбудзе на Чорны кантынент, каб урачыста перадаць Апостальскую паслясінадальную адгартацыю – плён працаў ІІ Сіноду для Афрыкі, які прайшоў у 2009 г. Ватыканскае радыё выпусціла кампакт-дыск з 8 творамі афрыканскіх музыкантаў на розных мовах. Адзін з аўтараў – рэдактар радыё Фелумено Фефіта, які грае і спявае на сваёй роднай мове – кісуахілі. Змест усіх твораў перагукоўваецца з тэмай Сіноду “Касцёл Афрыкі – на службе прымірэнню, справядлівасці і міру.”

Дырэктар Ватыканскага радыё ксёндз Фэдэрыко Ламбардзі падчас нядаўняй прэзентацыі кампакт-дыска ў Рыме адзначыў, што яго выпуск паказвае канкрэтнае жаданне ажыццяўляць рашэнні Сіноду. У творы ўключаны таксама галасы Бэнэдыкта XVІ, Яна Паўла ІІ і Паўла VI.

Кс. Ламбардзі выказаў надзею, што “музычны падарунак” Ватыканскага радыё ўнясе ўклад у намаганні натхняць афрыканскія народы на працу дзеля прымірэння і справядлівасці, дапаможа распаўсюджваць Евангелле ў Афрыцы, да чаго заклікаў падчас свайго апостальскага візіту ў Камерун у 2009 г. Бэнэдыкт XVІ.

5 тысяч дыскаў будуць спачатку ўручаны ўсім біскупам і прадстаўнікам каталіцкіх радыёстанцый Афрыкі, а ўжо потым будуць прадстаўлены шырокай аўдыторыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.