2011-11-03 12:33:11

ЗША: кардынал Кох сустрэўся з яўрэйскімі лідэрамі


RealAudioMP3 Кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, першы раз наведаў ЗША ў якасці кіраўніка Камісіі па справах рэлігійных кантактаў з юдаізмам. 30 кастрычніка ва ўніверсітэце Сэтан Хол у Соўт Орэндж іерарх правёў лекцыю для студэнтаў, падчас якой падкрэсліў, што не ўсе яўрэі выступаюць супраць беатыфікацыі папы Пія ХІІ. Некаторыя нават лічаць, што Ізраіль павінен прызнаць яму званне Справядлівага сярод Народаў Свету. Кардынал Кох распавёў прысутным таксама аб тэалагічных пытаннях і песрпектывах хрысціянска-яўрэйскага дыялога.

Сустракаючыся з прадстаўнікамі Савета цэнтраў па справах яўрэйска-хрысціянскіх адносін, іерарх адзначыў, што адкрыццё ватыканскіх архіваў перыяду пантыфіката Пія ХІІ не прынясе нічога новага адносна закідаў, якія яўрэі ставяць Пантыфіку.

31 кастрычніка кардынал Кох наведаў Яўрэйскую Тэалагічную Семінарыю а затым сустрэўся з прадстаўнікамі Міжнароднага Яўрэйскага Камітэта па справах Міжрэлігійных Кансультацый. Лорэнс Шыфман, кіраўнік гэтай арганізацыі, адзначыў, што яна не займае афіцыйнай пазіцыі адносна беатыфікацыі Пія ХІІ, але таксама чакае з зацікаўленнем адкрыцця ватыканскіх архіваў.

Візіт ватыканскага іерарха працягваецца, зараз кардынал Кох прабывае ў Вашынгтоне.







All the contents on this site are copyrighted ©.