2011-11-03 15:48:02

Арцыбіскуп Кандрусевіч: Мы выходзім на якасна новы ўзровень экуменічных адносін


RealAudioMP3 3 лістапада ў Рыме пачалася канферэнцыя пад назвай “Я выбраў вас. Святары ў наш час”, арганізатарам якой з’яўляецца Папская арганізацыя па святарскіх пакліканнях. Яна адзначае сёлета 70-годдзе свайго існавання. Як адзначаецца, у спецыяльным паведамленні арганізацыі, зніжэнне колькасці святарскіх пакліканняў у Еўропе выклікае занепакоеннаць у Каталіцкім Касцёле. Аб тым, як выглядае сітуацыя з пакліканнямі ў Беларусі, мы паразмаўлялі сёння з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, які прымае удзел у рымскім форуме.

Экцэленцыя, ці сапраўды сітуацыя з пакліканнямі ў Беларусі настолькі складаная?

Калі я кажу колькі ў Беларусі пакліканняў да святарства і колькі семінарыстаў, а іх у двух дыяцэзіях каля 80, і яшчэ каля 40 у розных манаскіх супольнасцях, гэта значыць, што прыкладна на 1,5 млн. вернікаў каля 120 семінарыстаў, то па еўрапейскіх мерках гэта сапраўды не мала. Але мне хацелася б каб было больш. Узгадайце 1990 г. калі я адчыніў семінарыю ў Гродна, на першы курс было прынята 42 семінарысты. Сёння мы былі б рады калі на ўсіх курсах разам вучылася 42 семінарысты, бо на ўсіх курсах пінскай семінарыі вучыцца сёння 33 асобы і каля 50 ў гродзенскай. Я думаю, што гэта мала. Таму канферэнцыя, якая сёння адкрылася ў Рыме, вельмі важная. Свецкія ў Касцёле могуць зрабіць шмат, аднак ёсць рэчы якія яны рабіць не могуць – напрыклад спавядаць, цэлебраваць св. Імшу, іншыя сакрамэнты. Бо тут святар дзейнічае не ад свайго імя, а ад імя Езуса Хрыста і неабходную моц ён атрымлівае толькі праз сакрамэнт святарства. Канферэнцыя ў Рыме будзе прысвечана таму, каб паставіць правільны дыягназ. Бо перш чым лячыць ад хваробы, перш чым вырашаць праблему. трэба вызначыць дыягназ.

Я Ўжо бачыў святароў і біскупаў з розных краін свету. Кожны распавядае аб тым, якую сітуацыю мае і нам трэба прыслухоўвацца, каб не паўтараць памылак, якія былі зроблены ў гэтай галіне. Канешне, існуе шмат аб’ектыўных прычын, гэта і секулярызацыя, і нападкі на Касцёл і святароў, якія не спрыяюць развіццю паклікання. Аднак, з іншага боку, вядома, што Хрыстус кліча столькі, колькі трэба. З другога боку, аднак, трэба разбудзіць маладых людзей, каб яны пачулі голас Езуса, які іх кліча. У гэтай справе Касцёл павінен быць больш актыўным і гэта тычыцца не толькі святароў ці кансэкраваных асоб, але ўсіх вернікаў, асабліва сем’і.

Часта нашы вернікі патрабуюць святароў, а калі спытаешся – ці з вашай сям’і хтосьці пайшоў у семінарыю, то часцей за ўсё адказваюць, не. Гэта праблема. Ці моляцца бацькі аб пакліканні да святарства ці кансэкраванага жыцця для сваіх дзяцей? Гэта адно з тых пытанняў, якое мне падаецца вельмі актуальным у сённяшнім свеце і асабліва ў нашым беларускім кантэксце.

Экцэленцыя, вы казалі аб праблеме не разбуджаных пакліканняў. А што робіцца ў Беларусі, каб гэтыя пакліканні знайсці і разбудзіць?

Нашыя слухачы напэўна ведаюць, што кожны год мы арганізуем Дні моладзі і ў апошнія гады на іх ёсць спецыяльныя секцыя прысвечаныя пакліканням. Там мы сустракаемся з тымі, хто хоча даведацца аб святарстве больш. Тое ж ёсць падчас будслаўскага фэста – людзі прыходзяць і размаўляюць са святарамі і клерыкамі. Часам маладыя асобы думаюць – не пайду ў семінарыю бо там як ў войску жыццё ў казарме, ці нават як ў турме. Але калі ўбачаць, што там гуляюць у футбол, ёсць музычныя гурты, якія выступаюць і нават запісваюць дыскі, то людзі інакш глядзяць на гэту справу. Святар узяты з людзей і для людзей пастаўлены.

Таксама, кожны год я пішу спецыяльнае пасланне на нядзелю малітваў аб пакліканнях, у якім я спрабую сказаць маладым людзям, што яны павінны адчыніць вушы свайго сэрца і душы, бо можа Езус прамаўляе да іх. Я заклікаю бацькоў, вернікаў і святароў дапамагчы ў гэтай справе. Шмат залежа таксама ад прыкладу святара – святарскі прыклад можа прыцягнуць многіх.

Што чакае Касцёл у Беларусі ў бліжэйшы час?

Самая вялікая падзея, мае экуменічны характар. 11 лістапада ў Мінск прылятае кардынал Курт Кох, які сёння з’яўляецца, калі можна так сказаць, галоўным экуменістам у Касцёле, бо узначальвае Папскую раду спрыяння хрысціянскаму адзінству. Ён прыме удзел у Канферэнцыі на тэму праваслаўна-каталіцкага дыялога. Тое, што такая канферэнцыя адбудзецца ў Мінску, на мой погляд, з’яўляецца знакавай падзеяй. Напэўна нелёгка знайсці ў свеце такое месца, дзе падобная канферэнцыя магла б адбыцца. Мне ўзгадваюцца словы бл. Яна Паўла ІІ, аб тым, што Еўропа павінна дыхаць двума лёгкімі і ў гэтым сэнсе мне здаецца, што менавіта Беларусь дыхае гэтымі двума лёгкімі. Мы маем вельмі добрыя адносіны з Праваслаўнай Царквой. Удзел кардынала Коха ў гэтай канферэнцыі, а таксама ўдзел былога нунцыя ў Беларусі Агосціно Маркето і многіх праваслаўных іерархаў нагадвае аб вялікай закцікаўленасці гэтай канферэнцыяй. Мы выходзім на якасна новы ўзровень адносін і робім гэта менавіта ў Беларусі ў Мінску.







All the contents on this site are copyrighted ©.