2011-11-03 14:28:11

Англійскія біскупы скіравалі пасланне да лідэраў “Вялікай дваццаткі”


RealAudioMP3 Біскупская канферэнцыя Англіі і Уэльса апублікавала спецыяльны зварот у сувязі з пасяджэннем лідэраў краін “Вялікай дваццаткі”, якое праходзіць у французскіх Канах. Іерархі адзначаюць, што акрамя глабальнага фінансавага крызісу, актуальнай тэмай застаецца неабходнасць барацьбы з беднасцю і з наступствамі кліматычных змен.

У спецыяльным дакуменце падрыхтаваным эканамістам Крысцінай Вэлер падкрэсліваецца, што калі ў цэнтр увагі лідэраў “Дваццаткі” не ўвойдуць пытанні развіцця, сусветны эканамічны крызіс рызыкуе зацягнуцца.

Адзначаецца, што асноўная ўвага палітыкаў скіравана на тое, каб стабілізаваць рынкі сваіх краін, у той час, як па-за ўвагай застаецца праблема харчовай бяспекі ў свеце. Англійскія біскупы заклікаюць лідэраў “Вялікай дваццаткі” знішчыць бар’еры, якія перашкаджаюць росту маленькіх прадпрыемстваў і сельскай гаспадаркі, бо менавіта апошнія з’яўляюцца асновай эканомікі краін, якія стаяць на шляху развіцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.