2011-11-02 13:54:39

“Зброя святла”. Дзе поле нашай бітвы?


RealAudioMP3 Мы працягваем разважанні аб “Зброі святла”, у якіх нам дапамагаюць катэхезы падрыхтаваныя спецыяльна для нашага радыё італьянскім святаром, біблістам і вядомым катэхетам кс. Фабіо Росіні. Нагадаю, што мы размаўляем аб незвычайнай “зброі”, аб якой апостал Павел кажа ў апошняй главе свайго паслання да Эфесцаў. Гэтай зброяй неабходна валодаць кожнаму ахрышчанаму, каб упоўні жыць сваёй верай.

У мінулай праграме, мы ўжо ўбачылі, што кожны з нас мае ў сваім жыцці поле ўласнай бітвы. Праблема, аднак, заключаецца ў тым, каб дакладна разумець, якая з бітваў з’яўляецца менавіта нашай. Важна таксама дакладна ведаць, хто з’яўляецца нашым ворагам. Ім, як кажа апостал Павел, з’яўляецца д’ябал – крыніца зла.

Ітак, зараз мы паспрабуе разабрацца – ДЗЕ знаходзіцца поле нашай бітвы. Апостал Павел падкрэслівае, што гэта наша барацьба адрозніваецца ад звычафных бітваў, аб якіх мы прызвычаіліся чуць у навінах ці чытаць у кнігах. Апостал кажа, што “нашая барацьба не супраць крыві і цела”. У гэтых словах заключаецца адзін з самых важных пунктаў нашага сённяшняга разважання – стварэнні з цела і крыві ніколі не могуць быць нашымі ворагамі. Важна аб гэтым памятаць у кожнай сітуацыі нашага жыцця, каб жыць сапраўды па хрысціянску. У любым выпадку – падчас крызісу адносін, канфліктнай сітуацыі, праблемаў у сям’і і шлюбе – ворагам ніколі не з’яўляецца іншы чалавек.

Такі перанос аб’екта нашай бітвы, аб якім нам расказаў св. Павел стаў сапраўднай навінкай у яго час. Наша барацьба вядзецца за тое, каб захаваць веру і, можна так сказаць, атрымаць узнагароду – сапраўдную карону хвалы.

Калі мы будзем працягваць змагацца з іншымі людзьмі, мы будзе толькі папаўняць гісторыю разбуральных, дэструктыўных войнаў, ад якіх пакутавала і пакутуе чалавецтва. Такія войны знішчаюць не толькі жыццё іншых, але і наша ўласнае. Сапраўдная барацьба, якая можа быць каштоўнай і прадуктыўнай – гэта толькі ўнутраная барацьба. Гэта барацьба з маім сэрцам, якое дазволіла ўвайсці ў сябе нябачнай моцы – пыхе, ганарлівасці, прагнасці, ляноце, цемры, аб якіх кажа св. Павел.

Вельмі часта прычынай нашых бітваў з’яўляецца жаданне большай свабоды. Важна памятаць, што іншыя ніколі не змогуць пазбавіць нас свабоды. Калі чалавек не з’яўляецца свабодным – ніколі гэту свабоду яму не дадуць іншыя людзі. Калі чалавек не свабодны ад цемры, якая існуе ўнутры яго, ніколі не дасягне свету. Змагацца з іншымі людзьмі за сваё шчасце – азначае апустошыць сваё жыццё. Можна быць самым вялікім валадаром свету, але ў той жа час, рабом цемры і незадаволенасці.

Калі, напрыклад, я перажываю крызіс сужэнства, адзіным, што магу змяніць – гэта маё сэрца, але не сэрца сужонка. Тут можна дасягнуць вялікіх і цудоўных вынікаў.

Нават калі іншы зменіцца – гэта не будзе каштаваць нічога, калі не зменішся ты сам. Пакуль чалавек не пачне бітву ўнутры самаго сябе, ён будзе заўсёды працягваць змагацца на гэтай зямлі, канфліктаваць з іншымі, рабіць зло, удасканальваць сябе ў вайсковым мастацтве. Пакуль не зразумее, што сапраўдная барацьба гэта барацьба за ўласнае святло, унутраную свабоду, праўду, любоў. Такі чалавек будзе заўсёды змагацца з бліжнім, які ніколі не зможа вырашыць яго праблемы.

Яшчэ важна памятаць, што гэта барацьба вельмі цяжкая, але ў той жа час, вельмі захапляльная. Змагацца супраць слабай каманды, якую мы выігрываем 12:0, не вельмі цікава – нашмат цікавей змагацца з моцнай камандай і выйграць на апошніх хвілінах. Гэта выклік для ўсіх хрысціян, бо кожны з нас мае дастатковы патэнцыял, каб выйграць.








All the contents on this site are copyrighted ©.