Паколькі свет на гэтым
тыдні жыве тэмай сямімільярднага дзіцяці, некаторыя эксперты нанава ўзнялі тэму перанаселенасці
планеты. Але іншыя спецыялісты з гэтай нагоды звяртаюць увагу на краіны, у якіх нараджальнасць
знаходзіцца на экстрымальна нізкім узроўні.
Нягледзячы на папярэджанні з
боку некаторых арганізацый, такіх як, напрыклад, ААН, якія кажуць пра “выклік”, звязаны
з 7 мільярдамі людзей, Дадлі Постан з Тэхаскага ўніверсітэта папярэджвае, што многія
краіны на самой справе сёння не ў стане падтрымліваць узровень колькасці свайго насельніцтва
хаця б на адным узроўні.
“Амаль палова свету жыве сёння ў краінах, дзе нараджальнасць
складае 2,1 дзіцяці або менш на адну жанчыну”, - паведаміў Постан “Амерыканскаму
каталіцкаму агенцтву навін”, патлумачыўшы, што 2,1 – гэта мінімальны каэфіцыент замяшчэння
грамадства. Постан, прафесар ў галіне сацыялогіі, які спецыялізуецца на дэмаграфіі,
заявіў, што гэтыя краіны не маюць выбару, акрамя як “даць больш магчымасці для эміграцыі
або падняць нараджальнасць, каб хаця б падтрымаць стабільную колькасць насельніцтва”.
Перспектывы змрочныя, бо павышэнне нараджальнасці “амаль немагчыма, і многія краіны
не жадаюць больш эмігрантаў”, - сказаў навуковец.
Постан адзначыў, што такія
краіны, як Японія, Харватыя, уся Усходняя Еўропа маюць вялікія дэмаграфічныя праблемы.
Таксама імкліва скарачаецца насельніцтва ў гістарычна каталіцкіх краінах: Польшчы,
Іспаніі і Італіі, якія маюць каэфіцыент замяшчэння 1,4 дзіцяці на адну жанчыну. Постан
заключае, што “мы павінны пачаць думаць праз прызму тэрміна “мала”, а не занадта
“многа” людзей.
Як паказваюць даследванні ААН, колькасць насельніцтва свету
дасягне свайго піку ў больш за 8 мільярдаў каля 2040 г., а затым пачне зніжацца.