2011-11-01 12:29:17

“L’Osservatore Romano” пра табліцу з “Ойча наш” па-беларуску


RealAudioMP3 Сённяшняя “L’Osservatore Romano” змяшчае артыкул аб адкрыцці табліцы з малітвай “Ойча наш” на беларускай мове. Падзея адбылася 25 кастрычніка ў іерусалімскім кляштары “Pater Noster” на Аліўнай гары. Газета звяртае ўвагу, што на адкрыцці знаходзілася прадстаўнічая дэлегацыя каталіцкіх біскупаў з Беларусі на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

Ватыканскае выданне адзначае, што з нагоды ўрачыстага адкрыцця мемарыяльнай табліцы, у Іерусалім была арганізавана спецыяльная пілігрымка беларускіх католікаў, у якой прыняло ўдзел больш за 150 чалавек. Пасля ўрачыстасці асвячэння пілігрымы прынялі ўдзел у св. Імшы ў касцёле “Pater Noster”. Як адзначае “L’Osservatore Romano”, падчас яе арцыбіскуп Кандрусевіч маліўся за 9 млн. жыхароў Беларусі, большая частка якіх з’яўляецца праваслаўнымі, а католікі складаюць 10%. “Цяпер таксама і яны могуць маліцца “Ойча наш” на сваёй роднай мове ў месцы, дзе Езус навучыў гэтай малітве”, - адзначае ватыканскае выданне.







All the contents on this site are copyrighted ©.