2011-10-31 14:25:52

Румынія: сустрэча епіскапаў Усходніх Цэркваў


RealAudioMP3 3-6 лістапада ў румынскай Арадэі пройдзе XIV Сустрэча епіскапаў Каталіцкіх Цэркваў усходняга абрада, на тэму новай евангелізацыі. Арганізатары мерапрыемства хочуць паспрыяць распаўсюджванню ў Еўропе духоўнага багацця ўсходніх традыцый.

“Мы свядомыя таго, што Каталіцкія Цэрквы ўсходняга абрада ў Еўропе хочуць даць свой спецыфічны ўклад у працу Сінода Біскупаў, які пройдзе ў 2012 г. у Рыме. Удзельнікі сустрэчы ў Арадэі жадаюць абмяркаваць выклікі, якія звязаныя з абвяшчаннем Евангелля нашымі Цэрквамі”, - сказаў кіраўнік Румынскай грэка-каталіцкай Царквы Вярхоўны архіепіскап Фарагаскі і Альба-Юлійскі Луцыян Мурэсан. Іерарх адзначыў, што праз 20 гадоў пасля падзення таталітарных рэжымаў ва Усходняй Еўропе, Цэрквам давялося сутыкнуцца з хуткімі зменамі, якія адбыліся ў грамадстве, напрыклад, такімі як секулярызацыя, эміграцыя і рэлятывізм.

Кіраўнік румынскай грэка-каталіцкай Царквы падкрэсліў, што гэтыя змены натхняюць Усходнія Цэрквы да пошуку адпаведных рашэнняў ў сённяшнім сацыяльна-культурным кантэксце. “Мы павінны ўлічваць тое, што нашы шматлікія вернікі жывуць у супольнасцях, якія знаходзяцца па-за нашай нацыянальнай душпастырскай дзейнасцю. Абавязкам Усходніў Цэркваў з’яўляецца тое, каб наблізіць іх да Хрыста ў той царкоўнай рэальнасці ў якой яны жывуць”, - сказаў архіепіскап Мурэсан.

Працы кангрэса адкрые арцыбіскуп Рыно Фізікелла, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі. У форуме прымуць удзел, між іншым, кардынал Пэтэр Эрдо, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Еўропы і архіепіскап Кірыл Васіль, сакратар Кангрэгацыі па справах Усходніх Цэркваў.








All the contents on this site are copyrighted ©.