2011-10-30 14:15:36

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: рызыка непрыняцця навучання існуе тады, калі яно нязгоднае з учынкамі


RealAudioMP3 Да сведчання сваёй веры праз учынкі заклікаў сёння сабраных на Плошчы св. Пятра Бэнэдыкт XVI. Падчас сваіх разважанняў перад палітвай “Анёл Панскі” Святы Айцец нагадаў словы з урыўку Евангелля сённяшняй нядзелі, у якім Езус асуджае кніжнікаў і фарысеяў за тое, што іх словы разыходзяцца з учынкамі.

“Дарагія браты і сёстры, - сказаў Папа -

У літургіі сённяшняй нядзелі, апостал Павел заклікае нас прыняць Евангелле “не як чалавечае слова, але, што ёсць на самой справе, як Божае слова” (1 Тэс 2, 13). Такім чынам, мы можам прыняць з верай перасцярогі, якія Езус кіруе да нашага сумлення, каб паступаць згодна з імі. У сённяшнім урыўку Ён крытыкуе кніжнікаў і фарысеяў, якія адыгрывалі ролю настаўнікаў у грамадстве, за тое, што іх паводзіны рэзка кантраставалі з вучэннем, якое настойліва прапанавалі іншым. Езус падкрэслівае, што “яны гавораць і не робяць” (Мц 23, 3), больш за тое – “звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх” (Мц 23, 4). Добрае навучанне будзе прынята, але рызыка непрыняцця яго існуе тады, калі яно нязгоднае з учынкамі. Вось чаму Езус кажа: “Усё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не рабіце паводле ўчынкаў іхніх” (Мц 23, 3). Пастава Езуса зусім адваротная: Ён першы спаўняе на практыцы запаведзь любові, якой навучае іншых, і можа сказаць, што гэта салодкае і лёгкае ярмо, і менавіта таму дапамагае нам несці яго разам з Ім (пар. Мц 11, 29-30).

Маючы на ўвазе настаўнікаў, якія абмяжоўваюць свабоду іншых у імя ўласнай улады, св. Банавентура звяртае ўвагу на Таго, хто з'яўляецца сапраўдным Настаўнікам, кажучы: “Ніхто не можа вучыць, а тым больш дзейнічаць ці дасягнуць зразумелых ісцін, калі не прысутнічае там Сын Божы” (Казанне І літургічнага перыяду, Нядзеля XXII пасля Спаслання Святога Духа, “Opera Omnia”, IX, Quaracchi, 1901, 442). “Езус сядзіць на “кафедры”, як большы за Майсея, і распаўсюджвае Запавет усім народам” (“Езус з Назарэта”, Мілан 2007, 89). Гэта Ён з'яўляецца нашым праўдзівым і адзіным Настаўнікам! Таму мы пакліканы да наследавання Божага Сына, уцелаўлёнага Слова, якое выражае ісціну свайго вучэння праз вернасць волі Айца, праз дар самога сябе. Бл. Антоні Расміні піша: “Першы настаўнік фарміруе іншых настаўнікаў, а таксама фарміруе саміх вучняў, таму што (адны і другія) існуюць толькі дзякуючы гэтаму першаму, маўкліваму, але незвучайна магутнаму настаўніку” (“Idea della Sapienza”, 82, у: “Introduzione alla filosofia”, т. II, Рым 1934, 143). Езус таксама асуджае славалюбства, і адзначае, што дзейнасць “каб паказацца людзям” (Мц 23, 5), робіць залежным ад людскога адабрэння, падрываючы каштоўнасці, якія ляжаць у аснове сапраўднасці асобы.

Дарагія сябры, Пан Езус аб’явіўся свету як слуга, цалкам аддаючы самога сябе і прыніжаючы да смерці на крыжы, самага красамоўнага ўроку пакоры і любові. З яго прыкладу вынікае прапанова жыцця: “Большы з вас няхай будзе слугою для вас” (Мц 23, 11). Будзем прасіць заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і маліцца асабліва за тых, хто ў хрысціянскай супольнасці быў пакліканы да паслугі навучання, каб заўсёды давалі сведчанне ўчынкамі праўды, якія перадаюць словамі”.

Пасля сваіх разважанняў і малітвы “Анёл Панскі” Святы Айцец удзяліў апостальскае благаслаўленне, а затым прывітаў сабраных на розных мовах. Па-італьянску Папа выказаў салідарнасць з народам Тайланда, які пацярпеў ад вялікіх павадкаў, а таксама жыхарамі некаторых рэгіёнаў Італіі, асабліва Лігурыі і Тасканы, якія таксама сталі ахвярамі моцных ападкаў. Ён запэўніў іх у сваёй малітоўнай падтрымцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.