Беларусь: лістапад пачынаецца з малітвы праз заступніцтва Усіх Святых
Праз адзін дзень наступае
лістапад, месяц, які католікі ўсяго свету пачынаюць з малітвы праз заступніцтва Усіх
Святых, а затым узгадваюць і моляцца за сваіх памерлых продкаў. 1 лістапада вернікі
ўшаноўваюць усіх афіцыйна кананізаваных Касцёлам, а таксама невядомых святых, або
тых з іх, хто не мае літургічнага ўспаміну на працягу года, хоць заслугоўвае не меншай
увагі з нашага боку. Як паведаміў сакратар курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі дыякан
Кірыл Бардонаў, сэнс гэтай урачыстасці звязаны з самім разуменнем мэты хрысціянскага
жыцця, якой з’яўляецца збаўленне, і ўсе, хто яго асягнуў – для нас святыя.
Напярэданні
ўрачыстасці Усіх Святых моладзевыя субкультуры адзначаюць, у тым ліку і ў Беларусі,
так званы хэлоўін, вельмі часта блытаючы “паняцці” і прымаючы ўдзел у маскрадзе з
тыквамі. Трэба размежаваць гэтыя падзеі – кажа дыякан Кіріл, бо хэлоўін мае язычніцкія
карані і “нячыстую” падаплёку. А да сувязі са злымі духамі нельга адносіцца легкадумна,
як да простай гульні.
2 лістапада – успамін памерлых вернікаў. Католікі ідуць
на могілкі, прыбіраюць іх і запальваюць свечкі. Малітва і парадак і ёсць выразам нашай
пашаны да продкаў, а агеньчык – сімвал надзеі на тое, што нашы родныя калісьці з’яднаюцца
з Богам.
Гэта не толькі дзень смутку і ўспамінаў. Дзень, які нагадвае аб выхаванні
наступнага пакалення ў духу павагі да продкаў. А таксама гэта дзень-разважанне – у
першую чаргу аб сваім жыцці.
У гэтыя дні ва ўсіх парафіях Беларусі адбудуцца
адмысловыя літургіі, а на некаторых могілках пройдуць працэсіі. І 1, і 2 лістапада
ў 17.00 на мінскіх Кальварыйскіх могілках св. Імшу і працэсію ўзначаляць арцыбіскуп
Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Антоні Дзям’янка.