2011-10-28 14:39:48

“L’Osservatore Romano” аб незаконным распаўсюджванні зброі


RealAudioMP3 Незаконнае распаўсюджванне звычайных узбраенняў закранае годнасць і святасць чалавечага жыцця, спрыяючы распаўсюджванню насілля. Аб гэтым заяўляе хрысціянская супольнасць у кантэксце Канферэнцыі ААН па Дагаворы аб гандлі зброяй, якая пройдзе ў 2012 г. Тэму закранае сённяшняя “L’Osservatore Romano”.

Хрысціянскія супольнасці яшчэ раз заклікаюць краіны стварыць у гэтай галіне эфектыўныя і празрыстыя механізмы рэгулявання, якія б грунтаваліся на павазе да чалавечай годнасці. Аб гэтым заявіў, у прыватнасці, Генеральны Сакратар Сусветнай Рады Цэркваў пастар Олаф Твейт. Мірная ініцыятыва была агучана хрысціянскай супольнасцю таксама падчас Экуменічнага форуму за мір у Кінгстане на Ямайцы ў маі гэтага года.

На думку Твейта, трэба пачуць голас простых людзей, якія выступаюць за мірнае існаванне, і садзейнічаць абавязку эфектыўнага кантролю над рынкам узбраенняў, якія пагражаюць міру і паўсядзённаму жыццю людзей. Такі падыход аб’ядноўвае ўсе хрысціянскія супольнасці.

У артыкуле ватыканскага выдання адзначаецца, што палітыкі павінны спрыяць новаму міжнароднаму парадку, больш бяспечнаму і спрыяльнаму для справы міру. Надзея жыць без пагрозы “з'яўляецца часткай канцэпцыі свету, якая змяшчаецца ў святых тэкстах усіх асноўных рэлігій, а таксама ў прынцыпах звычайнага права, якое забараняе пагрозу ці выкарыстанне сілы ў міжнародных адносінах”.







All the contents on this site are copyrighted ©.