2011-10-26 12:59:25

Святы Айцец: дзеля міру хрысціяне павінны быць гатовымі да цярпенняў


RealAudioMP3 26 кастрычніка замест традыцыйнай агульнай аўдыенцыі ў Залі Паўла VI у Ватыкане адбылася вігілійная сустрэча Бэнэдыкта XVI з вернікамі. Яна была прымеркавана да “Дня разважання, дыялога і малітвы за мір і справядлівасць у свеце”, якая пачнецца 27 кастрычніка ў Асізі.

На пачатку сустрэчы, Папу прывітаў кардынал Агосціно Валіні, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі. Іерарх адзначыў, што “у сучасную эпоху, неабходна ведаць праўду аб Богу, каб Яго імя ніколі не выкарыстоўвалася для апраўдання войнаў і насілля, але наадварот стала крыніцай, якая будзе спрыяць міру і павазе паміж народамі і дзяржавамі, а таксама пошуку супольнага фундамента ў імя розуму і справядлівасці”.

Затым удзельнікі сустрэчы, праслухалі фрагмент з кнігі прарока Захарыі, аб якім у сваёй прамове разважаў Святы Айцец. Бэнэдыкт XVI расказаў, што валадаром, аб якім кажа прарок, з’яўляецца Езус Хрыстус. Яго нараджэнне стала пачаткам абвяшчэння супакою ўсяму свету. Таксама і яго ўваход у Іерусалім “не суправаджаўся багатым картэжам” і “моцным войскам ахоўнікаў”. “Езус – кароль супакою” і Ён “рэалізаваў гэты супакой на крыжы, злучыўшы зямлю і неба і пабудаваўшы мост паміж усімі людзьмі”. “Крыж, гэта новая брама супакою, знак і прылада прымірэння, прабачэння, разумення; знак таго, што любоў большая за любы гвалт і пераслед, мацнейшая за смерць: зло перамагаецца дабром і любоўю”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

“Гэта новае валадарства супакою – у ім пануе Хрыстус і пашырае яго на зямлі. Прарок Захарыя абвяшчае, што гэты лагодны, мірны валадар, будзе панаваць “ад мора да мора і ад ракі да краю зямлі”. Валадарства, якое Хрыстус абвяшчае мае паўсюднае вымярэнне. Далягляд гэтага беднага, ціхага валадара не абмяжоўваецца тэрыторыяй, дзяржавай, але сягае да межаў зямлі; пераўзыходзіць усе расавыя, моўныя і культурныя бар’еры. Ён стварае адзінства і еднасць”.

Святы Айцец звярнуў увагу на каштоўнасць Эўхарыстыі, праз якую людзі з розных куткоў зямлі аб’ядноўваюцца ў адзінае цела, пазбаўляюцца індывідуалізму і ствараюць валадарства супакою ў нашым падзеленым свеце.
Пантыфік заклікаў наследаваць прыклад Езуса і ўвайсці на шлях да міра, але не з вайсковай моцай ці сілай улады. “Св. Ян Хрызастом у адной са сваіх гамілій казаў, што “калі мы будзем ягнятамі, пераможам, нават тады, калі вакол нас будуць знаходзіцца шматлікія ваўкі. Але калі мы самі станем ваўкамі, нас перамогуць, бо мы не будзем мець дапамогі пастыра”, - нагадаў Бэнэдыкт XVI.

“Хрысціяне не павінны паддавацца спакусе станавіцца ваўкамі паміж ваўкоў; не выкарыстоўваць уладу, сілу, гвалт, якога няма ў Валадарстве Хрыста, але ахвяруючы саміх сябе, вялікую любоў, нават да ворагаў. Езус не перамог свет сілай зброі, але сілай крыжа, які з’яўляецца гарантыяй перамогі. Гэта патрабуе ад вучняў Хрыста, быць гатовымі да цярпенняў і мучаніцтва, даць уласнае жыццё, каб перамагло дабро, любоў і мір”.

Папа звярнуў увагу на прыклад апостала Паўла, змаганне якога не было звязана з гвалтам, але ахактарызавалася мучаніцтвам за Хрыста. “Яго адзінай зброяй было абвяшчэнне “Езуса Хрыста і Хрыста ўваскрослага”, - сказаў Святы Айцец. Яго прапаведванне не грунтавалася “на пераканаўчасці і мудрасці слоў, але ў выяўленні Духа і моцы”. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што ў гэтым была моц апостала Паўла, які “не шукаў спакойнага, зручнага жыцця, далёкага ад цяжкасцяў”, але “ахвяраваў сабой для Евангелля”, і так “стаў вялікім пасланнікам супакою і прымірэння ў Хрысце”.

“Гэта логіка сёння тычыцца таксама нас, калі мы хочам быць носьбітамі валадарства супакою, аб якім казаў прарок Захарыя і рэалізаваў Хрыстус: мы павінны быць гатовымі пакутаваць ад неразумення, ігнаравання, пераследу. Не мячом заваёўніка будуецца супакой, але мячом пакут, тых хто гатовы даць уласнае жыццё”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Папа заклікаў вернікаў прасіць у Бога дар міра, учыніць хрысціян прыладамі супакою у свеце, які пакутуе ад нянавісці, падзелаў, эгаізму, войнаў, каб заўтрашняя сустрэча ў Асізі паспрыяла дыялогу паміж людзьмі розных веравызнанняў і асвяціла розум і сэрцы людзей, паспрыяла перамяненню крыўд у прабачэнне, падзелаў у прымірэнне, нянавісці ў любоў, гвалту ў лагоднасць, каб у свеце панаваў супакой.








All the contents on this site are copyrighted ©.