2011-10-26 14:15:52

Кардынал Равазі: адна з місій Касцёла – евангелізацыя культуры


RealAudioMP3 Кардынал Равазі, старшыня Папскай рады па культуры, у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенству “КАІ”, расказаў што адной з самых важных місій Касцёла з’яўляецца евангелізацыя культуры. “Тым больш што сёння паняцце культуры разумеецца шырэй, чым гэта было ў мінулым стагодзі, калі культурай лічылася “шляхетнасць мыслення”, - сказаў іерарх.

Старшыня Папскай рады, адзначыў, што сёння культура разумеецца як скрыжаванне ўсіх сфер чалавечай дзейнасці, таму трэба таксама казаць аб культуры эканомікі, бізнеса ці чалавечых паводзін. “Сёння важна, каб Касцёл быў прысутны ў гэтых новых вымярэннях культуры”, - падкрэсліў кардынал.

Іерарх расказаў, што сучасная культура характарыхуецца трыма вымярэннямі, якія з’яўляюцца выклікам для Касцёла. “Першае – гэта секулярызацыя. Яна спрабуе пазбавіць культуру сакральнасці і рэлігійнасці, як яе цэнтральнага месца. Секулярызацыя накіравана на стварэнне грамадства незалежнага ад маральнасці і хрысціянскіх традыцый”, - адзначыў кардынал Равазі.

“Другі выклік тычыцца адносін паміж культурай і навукай, напрыклад у сферы біяэтыкі”, - падкрэсліў іерарх і дадаў, што гэта сфера з’яўляецца “найбольш складанай і дэлікатнай, бо тычыцца дыялога паміж верай і культурай і патрабуе павагі да аўтаноміі абодвух бакоў”.

Нарэшце, трэцім выклікам перад якім стаіць Папская рада па культуры, з’яўляецца феномен рэлігійнай абыякавасці – адзін з плёнаў секулярызацыі. “Сённяшняя рэлігійная абыякавасць не грунтуецца на адмаўленні існавання Бога, але звязана з адмовай ад каштоўнасцяў. Такую сітуацыю суправаджае нездольнасць адкрыцця глыбокага сэнсу нашага існавання і недахоп культурнай і духоўнай адчувальнасці”, - сказаў кардынал Равазі.








All the contents on this site are copyrighted ©.