2011-10-26 13:20:17

Генерал Ордэна Братоў Меншых скіраваў ліст Бэнэдыкту ХVI


RealAudioMP3 З нагоды экуменічнай сустрэчы ў Асізі, якая пройдзе 27 кастрычніка, Генеральны настаяцель Ордэна Братоў Меншых, айцец Хасэ Радрыгес Сарбалло скіраваў да Бэнэдыкта ХVI спецыяльны прывітальны ліст, у якім падкрэслівае цесную сувязь, што існуе паміж тэмай сустрэчы: “Пілігрымы праўды, пілігрымы міру” і постацю св. Францішка Асізкага. “Вітаем у Асізі, горадзе міру, духоўнай арцы, у якой усё чалавецтва знаходзіць прытулак”, - піша кіраўнік ордэну. Айцец Сарбалло дзякуе Святому Айцу за жаданне працягнуць традыцыю, якую пачаў бл. Ян Павел ІІ 25 гадоў таму. “Гэты Дзень малітвы за мір у свеце з’яўляецца Божым дарам, дарам аб якім мы заўсёды павінны маліцца”, - адзначае айцец Сарбалло.

Кіраўнік Ордэна Братоў Меншых дзякуе Пантыфіку за тое, што малітва за мір пройдзе ў Асізі, у горадзе св. Францішка, які быў вестуном міру і прымірэння. “З яго бяруць сёння прыклад тыя, хто імкнецца захаваць ідэалы міру, павагі да навакольнага асяроддзя, весці дыялог паміж людзьмі, рэлігіямі і культурамі”, - падкрэслівае айцец Сарбалло. Паводле францысканца, гэта нагадвае нам аб тым, што мір заўсёды неаддзельны ад праўды і калі мы яшчэ не асягнулі яго, павінны адчуваць сябе як пілігрымы на шляху да яго. “Гэта нагадвае аб міры як нашым заданні, якое мы ўсе павінны прыняць”, - адзначае ў сваім лісце кіраўнік Ордэна Братоў Меншых.

Айцец Сарбалло запэўніў Святога Айца, што францішканская супольнасць будзе стала маліцца за мір і прымірэнне ў свеце па прыкладзе св. Францішка, “каб любоў перамагла нянавісць, мір насілле, тыя, што сумневаюцца паверылі, там, дзе існуюць памылкі запанавала праўда, а прабачэнне перамагло злачынства”.








All the contents on this site are copyrighted ©.