2011-10-25 14:29:59

Кардынал Кох пра экуменічны аспект у дзейнасці Папы


RealAudioMP3 Кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянкаму адзінству, у інтэрв’ю французскай газеце “La Croix” сказаў, што экуменізм для Бэнэдыкта ХVI з’яўляецца “абсалютным” прыярытэтам яго пантыфіката. “ Святы Айцец гэта выяўляе з першага дня выбару на Пятровы Пасад”, - сказаў кардынал Кох. Іерарх кажа аб “экуменічным прымаце” Пантыфіка ў “дыялогу любові і праўды”, аб чым сведчыць той факт, што “шматлікія лютэране, англікане і праваслаўныя жадаюць сустрэцца, паразмаўляць і паглыбіць адносіны з Папам”, - сказаў іерарх.

Старшыня ватыканскай дыкастэрыі заявіў, што “Папа жадае духоўнага паглыблення экуменізма, а не перагавораў, якія вядуцца падчас заключэння розных кантрактаў, як робіцца гэта ў бізнэсе”. Гаворачы аб сустрэчы з лютэранамі Германіі, якую Святы Айцец меў падчас свайго візіта ў гэтую краіну, кардынал Кох спыніўся на некаторых вузлавых пунктах. Ён адзначыў, што каліПапа сустракаецца з прадстаўнікамі лютэранскай Царквы краіны, нельга чакаць рашэнняў, якія будуць тычыцца Універсальнага Касцёла. “Мне здаецца, што чаканні некаторых СМІ былі нерэальнымі, і яны спрычынілі толькі расчараванні”, - сказаў іерарх.

Гаворачы аб дыялогу з праваслаўнымі Цэрквамі, кардынал Кох адзначыў, што “падзелы ўнутры праваслаўных Цэркваў спрычыняюць цяжкасці ў дыялогу з імі, і мы з вялікай ўвагай глядзім на будучы Усеправаслаўны Сінод”. У перспектыве будучай сустрэчы паміж Бэнэдыктам ХVI і Патрыярхам Кірылам, кардынал Кох лічыць, што “сітуацыя паміж Масквой і Рымам не была ніколі такой добрай як у сённяшні час”.

Адносна сустрэчы за мір у Асізі кардынал Кох сказаў, што “Касцёлы, рэлігіі і агностыкі будуць імкнуцца падчас гэтага форума да таго, каб сказаць, што ідэяй рэлігіі з’яляецца не гвалт але мір”. “Гэты дзень у Асізі з’яўляецца супольным засяроджаннем і малітвай прадстаўнікоў розных рэлігій, а не супольнай малітвай”, - падкрэсліў кардынал Кох.








All the contents on this site are copyrighted ©.