2011-10-23 12:15:42

Бэнэдыкт XVI скіраваў пасланне да вайсковых ардынарыяў


RealAudioMP3 22 кастрычніка Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў Міжнароднай сустрэчы вайсковых ардынарыяў, якая праходзіць у Рыме па ініцыятыве Кангрэгацыі па справах Біскупаў і Папскай рады “Iustitia et pax”.

У сваёй прамове Святы Айцец падкрэсліў, што мерапрыемства праходзіць у 25-ю гадавіну апублікавання Апостальскай канстытуцыі “Spirituali militum curae” (“Духоўны клопат аб ваенных”), аўтарам якой быў Ян Павел ІІ. “У 25-годдзе гэтага дакумента неабходна прызнаць, што вайсковыя ардынарыі паказалі, што набылі евангельскі стыль, прыстасаваўшы пастырскія структуры да тэрміновых патрэб новай евангелізацыі”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што калі задачай вайсковых ардынарыяў, з’яўляецца зрабіць магчымай сустрэчу з Езусам Хрыстом і жыццёвую святасць людзей, то святары, якія выконваюць гэту місіі, павінны самі мець добрае чалавечае і духоўнае выхаванне, клапаціцца аб развіцці ўласнага ўнутранага жыцця, быць адкрытымі на дыялог, і такім чынам дапамагаць у цяжкасцях людзям ім давераным.

Бэнэдыкт XVI адзначыў важнасць выхавання ў ваенных сапраўднай хрысціянскай любові, якая неабходна ў выкананні іх місіі. “Я думаю перш за ўсё аб любові, якую салдат з адвагай павінен аказваць ахвярам землятрусаў і паводкаў, бежанцам і найбольш слабым. Я думаю аб любові, якую салдат павінен мець рызыкуючы сваім жыццём пры размініраванні, будучы у цэнтры ваенных дзеянняў, або выконваючы міратворчую дзейнасць, кантралюючы, каб браты не забівалі адзін аднаго ”, - адзначыў Пантыфік.

“Евангелізацыя ў вайсковай сферы патрабуе адказнасці, каб таксама і тут, прапаведванне было заўсёды новым, упэўненым і напоўненым радасцю Езуса Хрыста, адзінай надзеі на жыццё і мір для чалавецтва”, - падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.