2011-10-21 12:13:01

Пачалася агульнабеларуская пілігрымка на Святую Зямлю


RealAudioMP3 Напярэданні ў Мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі сабраліся не звычайныя парафіяне, а падарожнікі. Тут адбылася св. Імша з нагоды пілігрымкі на Святую Зямлю. І пілігрымкі не простай – беларуская дэлегацыя адляцела ў Іерусалім, как прыняць удзел у асвячэнні табліцы з малітвай “Ойча Наш” на беларускай мове на сцяне аднаіменнага храма.

З 12 верасня ў Горадзе трох рэлігій, як называюць Іерусалім, на сцяне аднаго з самых вядомых храмаў Святой Зямлі – “Pater Noster”, яго яшчэ называюць Касцёлам Нацый, ужо знаходзіцца галоўная хрысціянская малітва на беларускай мове. “Наша” стала адной са 130 табліц, усталяваных там рознымі краінамі. На літургіі будуць прысутнічаць каля 200 беларускіх пілігрымаў, увесь каталіцкі епіскапат краіны. І як адзначыў пробашч архікатэдральнага касцёла і кіраўнік пілігрымкі кс. Антоні Клімантовіч – учора ад’ехала толькі “адна” партыя. А ўвогуле гэта паломніцтва мае нацыянальны характар – па сэнсу, колькасці і геаграфіі пілігрымаў.

Акрамя галоўнай падзеі, з нагоды якой гэта падарожжа і было арганізавана, беларуская дэлегацыя наведае шматлікія святыні Іерусаліма. Вернікі прызналіся, лепш адзін раз убачыць, чым сем раз пачуць гісторыю, з якой пачалося хрысціянства.

Урачыстасць асвячэння табліцы пройдзе 25 кастрычніка. Сачыце за навінамі Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, і мы паведамім, як гэта адбывалася.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.