Папа прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю аўстралійскіх біскупаў
20 кастрычніка Бэнэдыкт
XVI прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю аўстралійскіх біскупаў, якія прыбылі ў Рым з візітам
“Ad limina Apostolorum”. У сваёй прамове да іерархаў Папа звярнуў увагу на “два моманты
асаблівай ласкі”, якія перажыў Касцёл у гэтай краіне на працягу апошніх гадоў: Сусветныя
дні моладзі ў 2008 г. і кананізацыю бл. Марыі Маккілап у 2010 г.
Святы Айцец
заклікаў біскупаў працягваць спрыяць захаванню і пашырэнню духа моладзевага форума,
для таго, каб сярод моладзі паглыблялася вера ў Хрыста і павялічвалася колькасць пакліканняў
да святарства і манаства. З іншага боку Пантыфік адзначыў, што прыклад жыцця св. Марыі
Маккілап можа дапамагчы ў справе выхавання і вырашэння праблем звязаных з сучасным
крызісам. “Адважная пазіцыя св. Марыі Маккілап, перад абліччам цяжкасцяў, з якімі
яна сустракалася на працягу жыцця, можа натхняць католікаў сёння, у справе новай евангелізацыі
і пераадоленні праблем з распаўсюджваннем Евангелля”, - сказаў Папа.
Звяртаючы
ўвагу на неабходнасць актыўнай адукацыйнай і катэхетычнай працы Папа заклікаў знаёміць
з каталіцкай верай разумна і з адкрытасцю. “Калі духавенства і свецкія вернікі будуць
даваць сведчанне веры словам і прыкладам, яно будзе больш пераканаўчым і прывабным.
Людзі добрай волі, калі ўбачаць ваша сведчанне, будуць таксама імкнуцца да праўды
і дабра”, - адзначыў Святы Айцец.
19 кастрычніка Бэнэдыкт XVI прыняў удзел
у адкрыцці “Domus Australia” (“Аўстралійскага дома”) у Рыме. У гэтым месцы змогуць
размяшчацца пілігрымы з усёй Акеаніі, якія прыбываюць у Вечны горад, каб ушанаваць
магілы св. Пятра і св. Паўла. Цытуючы словы Гётэ Папа сказаў, што задачай бацькоў
з’яўляецца даць дзецям “карані і крылы”, а Касцёл дае іх праз веру. “Сённяшняя падзея
паказвае нам плёны місіянерскай дзейнасці Касцёла, дзякуючы якому, Евангелле дасягнула
самых далёкіх куткоў света, укаранілася і дала жыццё новай хрысціянскай супольнасці
– квітнеючай і актыўнай”, - адзначыў Святы Айцец.