2011-10-20 11:33:22

Беларусь рыхтуецца прыняць прэстыжны рэлігійны форум


RealAudioMP3 З 13 па 15 лістапада ў Мінску адбудзецца міжнародная канферэнцыя “Праваслаўна-каталіцкі дыялог”. Гэта ўжо восьмая сустрэча такога высокага ўзроўню з цыклу так званых “дыялогаў”. Папярэднія былі прысвечаны не толькі ўзаемаадносінам паміж хрысціянамі, але і мусульманамі, і юдэямі. Па-першае, мэта сустрэчы выцякае з назвы: гэта дыялог і абмен вопытам іерархаў, багасловаў, увогуле ўсіх зацікаўленых і неабыякавых. Па-другое, такая размова, і гэта ўжо праверана, становіцца пачаткам новых суместных праектаў паміж прадстаўнікамі розных канфесій – навуковых, сацыяльных, выдавецкіх – адзначыў першы віцэ-старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Хрысціянскі адукацыйны цэнтр Святых Мятода і Кірыла” Грыгорый Даўгяла.

Чакаецца, што ў Мінск з Ватыкана для ўдзелу ў канферэнцыіі прыбудзе старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох, а таксама шматлікія госці з Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Бельгіі і Канады. Тэма ўжо вызначана – хрысціянскія этычныя каштоўнасці як уклад у сацыяльнае жыццё Еўропы. Рэлігія і плюралізм, дзяржава і Царква, эканамічны крызіс і крызіс веры – гэта няпоўны спіс пытанняў, якія ўздымуць эксперты. Форум – унікальная магчымасць для Цэркваў пачуць адна адну, а для грамадства – пачуць гучны голас Царквы.

Акрамя так званай інтэлектуальнай складаючай (плянарныя пасяджэнні, круглыя сталы) госці ўзбагацяцца духоўна: наведаюць праваслаўную і каталіцкую літургіі, сустрэнуцца са студэнтамі Інтытута тэалогіі БДУ. Адбудзецца адмысловы канцэрт, у якім прагучыць вечная музыка, “Рэквіем” Моцарта – у памяць аб кардынале Казіміру Свёнтку. Арганізатарамі канферэнцыі з’яўляюцца Хрысціянскі адукацыйны цэнтр Святых Мятода і Кірыла, Беларуская Праваслаўная Царква і Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Форум не паспеў пачацца, але ўжо сёння вядома – ён будзе мець рэзананс – заяўкі на удзел у “дыялогу” працягваюць прыходзіць амаль кожны дзень – і з Усходу, і з Захаду.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.