2011-10-16 11:39:04

Бэнэдыкт ХVI: Слова Божае працягвае распаўсюджвацца ў свеце


RealAudioMP3 15 кастрычніка Бэнэдыкт ХVI сустрэўся з зале Паўла VI з удзельнікамі форума, які арганізавала Папская рада па новай евангелізацыі на тэму: “Божае Слова расце і распаўсюджваецца”. У сваёй прамове да іх Святы Айцец падкрэсліў, што Слова Божае заўсёды жывое ў кожным моманце гісторыі аж да нашых часоў. Касцёл робіць яго актуальным праз сваю веру, цэлебрацыю сакрамэнтаў і сведчанне веруючых. “Таму наша гісторыя з’яўляецца працягам гісторыі першай хрысціянскай супольнасці, жыве той самай лініяй жыцця”,- сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што сучасны чалавек часта згублены ў сваім жыцці і не здольны знайсці адказы на шмат пытанняў, якія тычацца сэнсу жыцця. “Чалавек часта аддаляецца ад пошуку сэнсу жыцця, прымае прамінаючае шчасце, якое задавальняе толькі на хвіліну, а затым застаецца смутак і незадаволенасць”,- сказаў Пантыфік.

Бэнэдыкт ХVI пералічыў тры прычыны, чаму Слова Божае працягвае распаўсюджвацца ў свеце. Папа сказаў, што “Па- першае сіла Слова Божага не залежыць ад нашых дзеянняў, але ад Бога. Мы павінны заўсёды верыць у яго сілу і дазволіць, каб Бог дзейнічаў у нас”. Другой прычынай росту Слова Божага з’яўляецца тое, што яго зерне падае на добрую зямлю, якая яго прымае і дае добры плён. “Новыя евангелізатары з’яўляюцца часткай гэтага поля, на якім Евангелле ўзрастае і пераўтварае жыццё нашае і іншых”,- адзначыў Пантыфік. І нарэшце, Святы Айцец сказаў, што абвяшчэнне Евангелля сапраўды дайшло да канцоў зямлі, сярод абыякавасці, неразумення і пераследу. Таксама і сёння шматлікія людзі адважна адкрываюць сэрцы і розумы, каб прыняць запрашэнне Хрыста, каб сустрэць Яго і, каб станавіцца Яго вучнямі.

“Сучасны свет патрабуе людзей, якія б абвяшчалі і сведчылі аб тым, што Хрыстус вучыць нас мастацтву жыцця, з’яўляецца шляхам сапраўднага шчасця, бо Ён - дарога жыцця”,- сказаў Папа да ўдзельнікаў сустрэчы, якую арганізавала Папская рада па новай евангелізацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.