16-18 кастрычніка
грэка-каталіцкія парафіі і супольнасці Беларусі будуць адзначаць 415-ю гадавіну Брэсцкай
царкоўнай уніі. Яна была абвешчана падчас Царкоўнага сабора, які прайшоў 23 снежня
1596 г.
“У гэтыя дні Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква кожны год асаблівым
чынам перажывае і асэнсоўвае сваю лучнасць са Святым Айцом Папам Рымскім і з усёй
Каталіцкай Царквой”, - адзначаецца ў спецыяльным пасланні Апостальскага візітатара
для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека.
“16 кастрычніка, у
грэка-каталіцкіх парафіях у Беларусі вернікі будуць асаблівым чынам маліцца за Яго
Святасць Папу Бэнэдыкта XVI і за Яго Прадстаўніка ў Беларусі Апостальскага нунцыя
арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці”, - гаворыцца ў пасланні.
Іерарх звяртае таксама
ўвагу на тое, што ў гэтыя дні Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ўзгадвае аб пастырскім
візіце ў Беларусь прэфекта Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынала Сільвестрыні, які
адбыўся 15 год таму.
“Гэтыя памятныя дні з’яўляюцца для беларускіх грэка-католікаў
добрай нагодай для духоўнага разважання, руплівай і нястомнай малітвы, каб Святы Дух
напоўніў усіх душпастыраў і вернікаў новай сілай неабходнай для пастырскай дзейнасці
і хрысціянскага сведчання ў грамадстве на Бацькаўшчыне”, - адзначаецца ў пасланні
архімандрыта Гаека.