2011-10-13 15:49:27

Папа сустрэўся з лацінскім Патрыярхам Іерусаліма


RealAudioMP3 13 кастрычніка Бэнэдыкт ХVI прыняў на аўдыенцыі лацінскага Патрыярха Іерусаліма арцыбіскупа Фуада Твала, які прыбыў на сустрэчу Лацінскіх Біскупаў з арабскіх краін, якая праходзіць у Рыме.

У інтэрв’ю нашаму радыё іерарх расказаў аб тым, што Святы Айцец заўсёды цікавіцца праблемамі Святой Зямлі і міра на Блізкім Усходзе. “Мы бачылі гэта ў яго ўчарашняй прамове адносна сітуацыі ў Егіпце, а таксама сёння, падчас сустрэчы з намі”, - адзначыў арцыбіскуп Твал.

“Сённяшняя сустрэча прайшла вельмі па-айцоўску: Святы Айцец мае вялікі дар слухання. Слухае нашы воклічы: узносіць голас, каб у нас панавала справядлівасць, мір, нармальнае жыццё. Падчас рымскага форума, мы ўзгадвалі прыгожыя словы Папы, прамоўленыя падчас яго апошняга візіта ў Святую Зямлю, які адбыўся два гады таму. Яго апошняя прамова асабліва засталася ў сэрцах ўсіх: “Як сябру ізраэліцян і сябру палестынцаў, мне больна бачыць сцяну, якая падзяляе людзей: мы павінны разбураць яе праз наша ўнутранае навяртанне; пачынаючы з маленькага навяртання нашых сэрцаў мы спадзяемся, што гэты мур хутка падзе”.

Арцыбіскуп Твал адзначыў, што негледзячы на цяжкасці, якія перажываюць народы Блізкага Усхода ён застаецца аптымістам і спадзяецца, што сітуацыя пачне выпраўляцца.








All the contents on this site are copyrighted ©.