2011-10-10 13:42:52

З’яўленне “Літургіі гадзінаў” па-беларуску чакаецца у 2012 г.


RealAudioMP3 У Беларусі рыхтуецца выданне “Літургіі гадзінаў” (Брэвіярыя) на беларускай мове, якім займаюцца Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў. У інтэрв’ю нашаму радыё а. Алег Шэнда OFMCap, адзін з адказных за падрыхтоўку выдання, расказаў, што рэалізацыя такога праекта ўжо наспела і з’яўляецца вельмі чаканай духавенствам і вернікамі. “Я сустракаўся і асабіста абмяркоўваў гэту праблему ў коле духоўных асоб і адчуваю значную падтрымку гэтай ідэі”, - сказаў а. Алег

Святар адзначыў, што яшчэ працягваецца абмеркаванне рабочых момантаў па выданню “Літургіі гадзін”, у якім прымаюць удзел як кіраўніцтва Ордэна Капуцынаў, так і прадстаўнікі беларускага епіскапата і Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакраментаў пры ККББ. Айцец Алег не выключае таксама магчымасці выдання Брэвіярыя на тэрыторыі Беларусі, хоць разглядаюцца розныя варыянты.

Узорам для Літургіі гадзінаў на беларускай мове будзе лацінскае выданне, як прадугледжана для падобнага роду кніг. Вядома, таксама, што гэта будзе чатырохтомнае выданне, г.зн. поўнае. У розных рэгіёнах існуе розны вопыт напрыклад, на Украіне, Брэвіярый быў выдадзены скарочаным і змясціўся ў адзін том. У Расіі ён быў выдадзены ў двух тамах. Але найбольш поўнае выданне чатырохтомнае. Менавіта такая версія рыхтуецца да друку ў Беларусі”, - адзначыў святар.

а. Алег расказаў, што кожны том “Літургіі гадзінаў” па-беларуску будзе складацца прыкладна з 2 тыс. старонак, а тыраж першага выдання - 1 тыс. асобнікаў кожнага тома.

Канешне, праца па выданні Брэвіярыя зяўляецца вельмі крапатлівай, таму цяжка прадугледзіць дакладны час яго зяўлення. Але па самым аптымістычным прагнозам, усе чатыры тамы Літургіі гадзінаўпа-беларуску пабачаць свет да Адвента 2012 г.”, - сказаў а. Алег Шэнда.

На думку святара відавочнай з’яўляецца неабходнасць таго, каб законнікі і кожны вернік нашай краіны, мелі магчымасць маліцца па-беларуску.








All the contents on this site are copyrighted ©.