У Індыі каля 45 млн.
дзяцей, ва ўзросце да 14 гадоў выкарыстоўваецца для фізічнай працы, негледзячы на
тое, што гэтага забаронена Канстытуцыяй краіны. У інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву
“AsiaNews” кардынал Освальд Грасіяс, арцыбіскуп Мумбая і старшыня індыйскага епіскапата
адзначыў, што адзіным спосабам перамагчы распаўсюджванне дзіцячай працы, з’яўляецца
пашырэнне адукацыі і ўключэнне дзяцей у адукацыйны працес. “Закон, які прадугледжвае
абавязковае і бясплатнае навучанне ў школе для ўсіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 14 год,
мае важнае значэнне, бо тыя дзеці, якія не ходзяць у школу, заўсёды недзе працуюць”,-
сказаў іерарх.
Кардынал Освальд Грасіяс нагадаў, што адукацыйная місія Каталіцкага
Касцёла заўсёды была скіравана на тое, каб даць роўныя магчымасці адукацыі для ўсіх
дзяцей, негледзячы на іх паходжанне ці сацыяльную прыналежнасць. Хоць католікі складаюць
толькі каля 2 % насельніцтва краіны, аднак, на думку кардынала Освальда Грасіяса,
менавіта Касцёл грае ў Індыі вядучую ролю ў інтэгральным развіцці чалавека. “Мы надаем
асаблівую ўвагу вучням з бедных сем’яў і сіротам, якія не могуць дазволіць сабе атрымліваць
адукацыю. Акрамя таго, больш за 60% нашых школ знаходзіцца ў сельскагаспадарчых рэгіёнах”,
- сказаў старшыня індыйскага епіскапата.
Кардынал падкрэсліў, што сацыяльная
місія Касцёла мае для пакінутых і бедных дзяцей спецыяльную адукацыйную і эканамічную
праграму. “Каталіцкі Касцёл у Індыі працягвае служыць усёй краіне і спрыяе будаванню
нацыі праз ліквідацыю дзіцячай працы. Праз адукацыю, мы імкнемся перш за ўсё змяніць
наша грамадства”,- сказаў арцыбіскуп Мумбая.