Кардынал Кох: экуменізм і новая евангелізацыя павінны ўзаемна дапаўняцца
“Экуменізм, як актыўны
пошук адзінства, і новая евангелізацыя Еўропы, з’яўляюцца сёстрамі, а для таго, каб
Цэрквы маглі пераканаўча абвяшчаць Евангелле, неабходна, каб яны аб многіх рэчах казалі
ў адзін голас”, - падкрэсліў кіраўнік Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству
кардынал Курт Кох, у сваёй прамове ў аўстрыйскім санктуарыі Святога Крыжа, падчас
цэрымоніі адкрыцця навучальнага года ў Вышэйшай тэалагічнай школе.
Кардынал
Кох звярнуў увагу на тое, што першасным заданнем Касцёла павінна быць канцэнтрацыя
на супольнай дзейнасці на карысць вырашэння праблем звязаных з маральнасцю, а таксама
разважанне над спадчынай якую пакінулі Еўропе “экуменічныя мучанікі”. “Менавіта яны,
хрысціянскія мучанікі, праз сведчанне свайго жыцця, напрыклад у канцэнтрацыйных лагерах
у ХХ ст., далі сведчанне хрысціянскага адзінства”, - адзначыў іерарх.
Старшыня
Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству падкрэсліў таксама, што праект новай
евангелізацыі звяртае шмат увагі менавіта на экуменічныя аспекты і на пытанне аб Богу
ў гэтым кантэксце. “Сёння пытанне аб Богу, якое хвалюе многіх людзей, з’яўляецца стукам
у экуменічныя дзверы. Перад абліччам выключэння Касцёла з публічнай сферы, перад намі
стаіць супольнае заданне спрыяць павазе да годнасці чалавека і абараняць жыццё”, -
сказаў кардынал і заклікаў да пошуку супольнай пазіцыі ў біяэтычных пытаннях. “Умовай
аб’яднання Касцёла з’яўляецца пошук яго адпаведнага месца ў грамадстве”, - сказаў
кардынал Кох.