2011-10-05 08:00:43

Мітрапаліт Кандрусевіч: думаю, прыйшоў час правесці нацыянальны кангрэс Божай Міласэрнасці ў Беларусі


RealAudioMP3 У Кракаве працягваецца ІІ Сусветны кангрэс Божай міласэрнасці – мерапрыемства ў якім прымаюць удзел прадстаўнікі больш 70 краін свету: кардыналы, біскупы, святары, свецкія асобы. Мы звязаліся па тэлефоне з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, які, разам з іншымі іерархамі і святарамі, прадстаўляе Беларусь на гэтым форуме. Мы папрасілі Мітрапаліта падзяліцца сваімі ўражаннямі аб гэтым мерапрыемстве.

Ваша Эксцэленцыя, сёння ў цэнтры ўвагі ўсяго Касцёла падзея, якая праходзіць у Кракаўскіх Лагеўніках – ІІ Сусветны кангрэс Божай Міласэрнасці. Скажыце, у чым важнасць гэтага мерапрыемства?

Перш за ўсё хачу прывітаць з Кракава, дзе праходзіць кангрэс Божай Міласэрнасці слухачоў Ватыканскага радыё. Сёння мы бачым такую з’яву – гэты свет ідзе не да Бога, але ад Бога. Ідзе ў іншым накірунку. Мы бачым працэс секулярызацыі. Сучасны чалавек больш спадзяецца на ўласныя сілы, на дасягненні навукі і тэхналогій. Але чалавека не збавіць ні навука пазбаўленая маральных прынцыпаў, ні добра развітая эканоміка, не збавіць банкаўскі рахунак, добры дом і г.д. Патрэбна нешта іншае. Тут трэба паказаць важнасць Божай міласэрнасці. Нават у такім свеце, дзе чалавек адварочваецца ад Бога, Бог чакае, каб чалавек кінуўся ў абдымкі Божай міласэрнасці, каб мог знайсці надзею. Слухаючы розныя сведчанні, падчас кангрэсу, можна убачыць, як шмат людзей знайшло сэнс свайго жыцця менавіта чытаючы “Дзённік св. Фаўстыны Кавальскай” або молячыся да Езуса Міласэрнага. Таму, я думаю немагчыма пераацаніць важнасць падзеі, якая адбываецца ў Кракаве. Яна вызначае накірунак жыцця сучаснага чалавека.

Ваша Эксцэленцыя, як ўдзельнічаюць прадстаўнікі Беларусі ў ІІ Сусветным кангрэсе Божай Міласэрнасці?

Я быў запрошаны прачытаць даклад, які і зачытаў на Рынкавай плошчы ў Кракаве. Гэта была для мяне асабіста вельмі вялікая падзея. У гэты момант на плошчы было некалькі тысяч чалавек.

З Беларусі прыехалі таксама яшчэ некалькі чалавек – гэта архімандрыд Сяргей Гаек, пробашч пінскай катэдры Раман Факсінскі, некалькі грэка-каталіцкіх і рыма-каталіцкіх святароў. Наша дэлегацыя хоць і невялікая, але мы прысутнічаем і прымаем актыўны ўдзел у працы гэтага форума.

Больш таго, сёння, генеральны сакратар кангрэса кс. Патріс Хахольскі, якога я ведаю яшчэ з часоў маёй працы ў Маскве, запрасіў мяне на сустрэчу арганізацыйнай групы прадстаўнікоў краін, якія прымаюць удзел у кангрэсе. Запрашаючы мяне, ён задаў такое пытанне: Ці не прыйшоў яшчэ час арганізаваць нацыянальны кангрэс Божай Міласэрнасці ў Беларусі? Я ўздымаў ужо такое пытанне перад Канферэнцыяй Біскупаў, некалькі гадоў таму, пасля І Сусветнага кангрэса і адказаў, што напэўна час ужо прыйшоў, каб арганізаваць такое мерапрыемства ў Беларусі. Тым больш, у нас ужо існуе для гэтага аснова: прайшла пілігрынацыя абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій бл. Міхала Сапоцькі. Таму я асабіста вельмі падтрымліваю гэту ідэю.

Кангрэс мае вельмі насычаную праграму. Ці былі нейкія асаблівыя моманты, якія Вас вельмі ўразілі?

Так, сапраўды, праграма вельмі насычаная. Мяне вельмі уразіў канцэрт гурта “Cenaculum”, які прайшоў у Кракаве на Рынкавай плошчы. У гэтым гурце спяваюць людзі, якія здолелі выйсці з наркатычнай залежнасці. Іх выступ вельмі добра быў прыняты і зрабіў вельмі вялікае ўражанне. Калі мы глядзелі на гэтых спявакоў, то мы бачылі людзей, якія па-сапраўднаму радуюцца жыццю. Яна самі казалі, што раней былі памерлымі, але зараз, дзякуючы Божай міласэрнасці, уваскрэслі.

Учора, у трэцці дзень кангрэса, яго ўдзельнікі наведалі Асвенцым. 2 тыс. удзельнікаў прайшлі ў поўнай цішыні да таго месца адбылася малітва. Кожны з іх маліўся так як ўмеў. Мне ўзгадаліся адразу словы Яна Паўла ІІ: гэта месца дзе Божая міласэрнасць ставіць мяжу злу і з гэтага зла Бог, потым, змог зрабіць дабро.

Сёння падчас сведчанняў, мяне вельмі ўразіла с. Марыя Сымон Пэрэ з Францыі, якая была аздароўлена ад невылечнай хваробы, дзякуючы малітве праз заступніцтва бл. Яна Паўла ІІ. Калі бачыш чалавека, які не мог знайсці выйсця з хваробы, а сёння ён здаровы – гэта вельмі ўражвае.

Ваша Эксцэленцыя, у чым актуальнасць паслання аб Божай міласэрнасці у сучасным свеце?

Мы добра ведаем, што калі рака цячэ, то яе вада забірае з сабой усё, што сустракае на сваім шляху і ўносіць гэта ўсё ў мора. Таксама і Божая міласэрнасць ахоплівае ўсіх, хто кідаецца ў абдымкі гэтай міласэрнасці, каб прывесці ў яе бязмежны акіян. Аб гэтым павінен памятаць сучасны чалавек. Такога паслання аб Божай міласэрнасці сучасны чалавек вельмі патрабуе. Зараз ідзе апрацоўка спецыяльнага паслання Кангрэса да света. Яно будзе заўтра апублікавана і зробіць пасланне аб Божай міласэрнасці Больш актуальным.

Дзякуем Вам за гэта інтэрв’ю і жадаем Божага благаслаўлення ў справе абвяшчэння паслання аб Божай міласэрнасці ў нашай краіне.








All the contents on this site are copyrighted ©.