2011-10-04 13:56:44

Францыя: біскупы звярнуліся да народа перад выбарамі


RealAudioMP3 З нагоды парламенскіх і прэзідэнскіх выбараў, які пройдуць у Францыі ў 2012 г., каталіцкія біскупы гэтай краіны скіравалі спецыяльнае пасланне, у якім прапануюць звярнуць увагу на 13 пунктаў, якія тычацца розных сфер жыцця грамадства. У цэнтры ўвагі іерархаў пытанні аб жыцці, сям’і, адукацыі, эміграцыі, гарадскіх акраінах, свецкасці і інш. Падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла 3 кастрычніка ў Парыжы, кардынал Андрэ Він-Труа, адзначыў, што ў звароце звяртаецца ўвага таксама на праблемы, звязаныя з сусветным эканамічным крызісам. “Мы як хрысціяне павінны быць упэўнены ў тым, што крызісы, з якімі сустракаецца чалавецтва, могуць стаць нагодай для аднаўлення і набыцця вопыту, які будзе карысным у будучыні. Крызісы не павінны перашкаджаць гарантаваць павагу да кожнага чалавека, асабліва да найбольш слабых, супрацоўніцтву дзеля развіцця іншых краін, пошуку справядлівасці і міру для кожнага народа”, - адзначаецца ў дакуменце.

Іерархі заклікаюць да таго, каб “кожны грамадзянін, пазнаёміўся з праграмамі партый і кандыдатаў на выбары, каб зразумець, ці іх падыходы адпавядаюць патрэбам грамадства, у якім мы жадаем жыць”. Біскупы звяртаюць асаблівую ўвагу на першыя 3 пункты, якія тычацца жыцця, сям’і і адукацыі.

“Аборт не павінен быць адзіным рашэннем для жанчын, якія знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі; сям’я, заснаваная на саюзе мужчыны і жанчыны павінна атрымліваць эканамічную дапамогу, бо ад дзяцей, якія ў ёй выхоўваюцца, залежыць будучыня і стабільнасць грамадства; а добрае выхаванне дзяцей патрабуе свабоды і адказнасці бацькоў, а таксама перадачы дзецям найбольш важных ведаў”,- адзначылі іерархі.

Увага звяртаецца таксама на сітуацыю, якая склалася вакол гарадскіх акраін, што з’яўляюцца месцамі распаўсюджанага насілля і нелегальнага гандлю. “Толькі рэпрэсіўнай палітыкі будзе недастаткова, каб вырашыць гэтыя праблемы да канца, неабходна дапамагчы насельніцтву зразумець грамадства ў якім яно жыве і адчуваць сябе яго часткай”, - адзначаюць французкія іерархі.








All the contents on this site are copyrighted ©.